2017 Пашковіч, Л. Мастак па жыцці

Пашковіч, Л. Мастак па жыцці / Людміла Пашковіч // Кобрынскі веснік. — 2017. — 22 красавіка. — С. 6.

Пра мастака з в. Павіцце М. Р. Брышцена.

Мастак па жыцці

Павіццеўская зямля багата на таленты. I ў гэтым матэрыяле мы пазнаёмім вас, паважаныя чытачы, з чалавекам, які ўсё жыццё пранёс любоў да жывапісу.

Мікалай Рыгоравіч Брышцен нарадзіўся і вырас у Павіцці. З малых гадоў пачаў маляваць, а дзед заўжды казаў хлопцу, маўляў, трэба рабочую спецыяльнасць мець, каб зарабіць, ды за плугам хадзіць. Але дзе б ні працаваў наш герой, усюды дзейнасць была звязана з пэндзлем ды фарбамі.

Пасля школы Мікалай Рыгоравіч працаваў у Кобрыне ў кінатэатры — маляваў афішы да фільмаў, у бытпрамкамбінаце быў за мастака і ў арміі маляваў, а пасля і наогул апынуўся ў Дзівінскай сярэдняй школе ў якасці настаўніка выяўленчага мастацтва. Але гэта далёка не ўвесь спіс працоўных месцаў, дзе патрэбна было ўменне маляваць. Перад пенсіяй наш герой працаваў у Павіццеўскай сярэдняй школе настаўнікам працоўнага навучання, вёў розныя гурткі. I сёння ў школе ёсць цэлая галерэя работ мастака, якія ён пісаў на рабочым месцы і пакінуў школе.

Як прызнаецца сам мастак, больш атрымліваецца пісаць менавіта пейзажы. Ёсць у калекцыі і партрэты. На пленэры мастак не выходзіць, аддае перавагу маляванню з фотаздымкаў з магчымасцю дабавіць некалькі мазкоў, так сказаць, ад свайго імя. Калі-некалі мастака просяць напісаць карціну для падарунка. Так, калі дзеці са школы ездзілі ў Германію, то бралі з сабой карціны Мікалая Рыгоравіча, ды і для гаспадаркі таксама маляваў на заказ.

Пісаў Мікалай Брышцен пераважна алейнымі фарбамі, зараз — гуашшу, пакрываючы работы лакам. Яшчэ знаёмы з тэхнікай “сухі пэндзаль”, якой і спрабаваў пісаць партрэты.

Ёсць яшчэ адзін бок прымянення таленту. Для свайго сына Аляксандра, які служыць настаяцелем царквы ў Бярозаўскім раёне, Мікалай Рыгоравіч пісаў абразы. Гэта работа, безумоўна, патрабавала пэўнага настрою і натхнення. Ды і наогул, любая карціна патрабуе такога настрою. Звычайна наш герой прымаецца за карціну ў нядзелю пасля службы ў царкве. Так можа і да самага вечара працаваць.

Сёння, нават на заслужаным адпачынку, не заўжды хапае часу сесці за палатно. Але мастак застаецца мастаком назаўсёды, і хто ведае, можа яшчэ не напісана самая лепшая карціна нашага героя.

Людміла ПАШКОВІЧ.

НА ЗДЫМКУ аўтара: Мікалай Брышцен

дэманструе сваю работу.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.