2016 Пашковіч, Л. Без працы не ўяўляецца жыццё

Пашковіч, Л. Без працы не ўяўляецца жыццё / Людміла Пашковіч // Кобрынскі веснік. — 2016. — 8 кастрычніка. — С. 9.

Аб адной са старэйшых жыхарак в. Павіцце — Ганне Чопік.

Без працы не ўяўляецца жыццё

У свае 83 гады Ганна Чопік застаецца вельмі жвавай і аптымістычнай. Размаўляць з ёй лёгка і цікава.

– Я была з вялікай і беднай сям’і: васьмярых дзяцей маці гадавала адна, – расказвае Ганна Васільеўна

Дзяцінства было складаным. У сем гадоў Ганна пайшла пасвіць кароў. У школу хадзіла толькі два месяцы. Але гэтай кароткай навукі хапіла, каб вывучыць літары і зараз чытаць у царкве Евангелле.

Затое ў руках кіпела работа. Пасля замужжа мая субяседніца працавала ў лясніцтве. Там выдзялялі лес, і з часам хата змянілася да лепшага. Пра мужа бабуля кажа, што ён быў добрым чалавекам і лепшым печніком у акрузе. Але ўжо 25 гадоў, як яго не стала.

Потым Ганна Чопік пайшла ў калгас, дзе і прарабіла 33 гады:

– Я была ахвочая да работы. Днём палю буракі, а ноччу іду на ток. Любіла працаваць, хацелася ўсё зрабіць як след.

У свой час Ганна Васільеўна была нават членам праўлення калгаса і народным засядацелем.

За плённую і добрасумленную працу жанчына была ўдастоена розных узнагарод.

Акрамя працы ў калгасе, трэба было апрацоўваць і асабістае поле – больш чым паўгектра. Да таго ж і дзве каровы трымала. Па маладосці яшчэ і прала, вышывала, вязала.

Зараз ад вялікай гаспадаркі ў бабы Ганны засталіся толькі пяць курачак і невялікі агарод. Але ўсё роўна бабуля кажа, што і зараз без работы не можа – штосьці паробіць, і ногі не так баляць, ды і не прывыкла яна без працы.

Сям’я ў яе вялікая – чацвёра дзяцей, дзесяць унукаў і пятнаццаць праўнукаў. А гэта – сапраўднае багацце.

Людміла ПАШКОВІЧ.

НА ЗДЫМКУ: Ганна Чопік каля сваёй хаты.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.