2012 Бурдыка В. «Бермудскі» трохвугольнік дырэктара ААТ «Кобрынаграмаш» Івана Мароза

Бурдыка, В. «Бермудскі» трохвугольнік дырэктара ААТ «Кобрынаграмаш» Івана Мароза / Вячаслаў Бурдыка // Народная трыбуна. — 2012. — 27 ліпеня. — C. 10.

«Бермудскі» трохвугольнік

дырэктара ААТ «Кобрынаграмаш» Івана Мароза

Сістэму прыярытэтаў, якую сфармуляваў Іван Паўлавіч Мароз і якой прытрымліваецца ў сваёй вытворчай дзейнасці калектыў адкрытага акцыянернага таварыства «Кобрынскі завод аграпрамысловага машынабу- давання», многія спецыялісты прадпрыемства, ды і сам кіраўнік, жартам называюць «Бермудскім» трохвугольнікам. Праўда, у адрозненне ад сумнавядомага прататыпа ў далёкім акіяне, які на ўвесь свет праславіўся тым, што ў гэтым месцы бясследна знікаюць караблі і самалёты, у «аграмашаўскага» трохвугольніка, наадварот, добрая слава — на працягу апошніх амаль трох дзесяцігоддзяў ён з’яўляецца тым падмуркам, на якім засноўваюцца поспехі і здабыткі кобрынскіх машынабудаўнікоў. Што ж гэта за сістэма такая і з якіх прыярытэтаў яна складаецца?

Але спачатку — невялічкі экскурс у гісторыю прадпрыемства. У так званыя савецкія часы на базе цяперашняга завода «Кобрынаграмаш» была звычайная раённая сельгастэхніка, дзе рамантавалі трактары, аўтамабілі і іншую сельскагаспадарчую тэхніку. Аб якасці таго рамонту сведчыць знакамітая байка- быль, якую яшчэ і сёння помняць мясцовыя старажылы: калі транспартны сродак сваім ходам выязджаў з варот майстэрні і пераадольваў мост цераз Мухавец, дык ніякія прэтэнзіі ад заказчыкаў ужо не прымаліся. Калгасныя і саўгасныя ўмельцы потым самастойна даводзілі да ладу адрамантаваную тэхніку і нядобрымі словамі ўспаміналі райсельгастэхнікаўскіх майстроў.

Сітуацыя карэнным чынам змянілася 26 гадоў таму, калі прадпрыемства ўзначаліў Іван Мароз. Ён адразу ж узяўся за самае слабае месца ў вытворчым ланцужку — наладжванне жорсткай вытворчай і тэхналагічнай дысцыпліны. Не ўсім такі падыход спадабаўся, новы кіраўнік наткнуўся на непрыхаванае супраціўленне, асобныя прыхільнікі вольна-анархічнага жыцця ледзь не забастоўкамі пагражалі. Аднак з цягам часу ўсё стала на свае месцы. Касцяк калектыву рашуча стаў на бок новага кіраўніка, а з тымі, хто не хацеў працаваць сумленна, давялося развітацца. А тут якраз наступілі часы перабудовы, потым — ліквідацыі СССР, распалася адзіная сістэма забеспячэння і збыту… I ў гэтым бушуючым акіяне неразбярыхі Іван Паўлавіч, адзін з нямногіх у той час кіраўнікоў у раёне, упэўнена вёў свой карабель, хоць порт прызначэння не маглі тады назваць нават кіраўнікі краіны.

 — Я прыйшла ў «Кобрынаграмаш» крыху пазней, у другой палове 90-ых, — расказвае намеснік дырэктара па фінансавых пытаннях Галіна Кузміцкая. — Прадпрыемства ўжо моцна трымалася на нагах, мела пастаянны прыбытак, стабільна працавала. Характэрны паказчык: за ўсе гады, колькі я тут працую, мы ні разу не спазніліся з выдачай зарплаты. Дарэчы, сёння сярэднямесячны заробак на заводзе складае 4 мільёны 24 тысячы рублёў. Да пастаўленай Прэзідэнтам Беларусі планкі ў 500 долараў засталося ўсяго нічога, і мы гэту задачу да канца года абавязкова выканаем.

Сучасны «Кобрынаграмаш» ужо далёка не тая райсельгастэхнікаўская майстэрня — гэта высокатэхналагічны завод, які вырабляе запатрабаваны на рынку тавар: жгуты электрычных правадоў, іншую кабельную прадукцыю, дэталі пярэдняй восі да трактара МТЗ, а таксама з’яўляецца афіцыйным дыле- рам Мінскага трактарнага завода па продажы і сэрвісным абслугоўванні трактароў «Беларус». Штомесячны аб’ём рэалізацыі прадукцыі складае каля 17 мільярдаў рублёў.

А цяпер вернемся да «аграмашаўскага» трохвугольніка. Ён складаецца з трох прыярытэтаў: якасць, цана і надзейнасць.

 — Прычым якасць я стаўлю на першы план, — тлумачыць Іван Паўлавіч. — Без якаснай прадукцыі на рынак можна нават не выходзіць. Таму ўсімі магчымымі мерамі мы арыентуем калектыў на якасныя паказчыкі.

У сувязі з гэтым дырэктар робіць стаўку на ўкараненне прагрэсіўных тэхналогій, аўтаматызацыю вытворчасці.

— Наша задача сёння — максімальна выключыць з вытворчасці так званы чалавечы фактар, — дзеліцца стратэгічнымі сакрэтамі Іван Мароз. — За апошнія некалькі гадоў мы ўжо закупілі дзве кітайскія лініі па выпуску кабельнай прадукцыі, цяпер збіраем грошы на суперсучасную, поўнасцю аўгаматызаваную нямецкай вытворчасці. Дарагая вельмі, аднак, я ўпэўнены, аддача не прымусіць сябе чакаць. I пасля яе ўводу ў эксплуатацыю праблема якасці прадукцыі на бліжэйшыя гады будзе вырашана.

Другі складальнік трохвугольніка — цана. Не сакрэт, што пакупнік у першую чаргу звяртае ўвагу на цану тавару. Вельмі цяжка канкурыраваць на сучасным рынку з таннай расійскай аналагічнай прадукцыяй. На «Кобрын- аграмашы» знайшлі выйсце. Тут распрацавалі схему паставак сваёй прадукцыі спажыўцам уласным транспартам і тым самым значна знізілі транспартныя выдаткі партнёраў.

I, нарэшце, апошні прыярытэт у «аграмашаўскім» трохвугольніку — надзейнасць.

— Калі ты хоць аднойчы падвядзеш партнёра — ён ніколі больш з табой супрацоўнічаць не будзе, — упэўнены дырэктар. — Наш завод ведаюць у краіне як надзейнага пастаўшчыка. Мы выпускаем такі тавар, які заказчык просіць, і абавязкова дастаўляем яго ў вызначаны тэрмін.

Маркетынгавая служба прадпрыемства, якая, дарэчы, пастаянна расце колькасна і развіваецца якасна, у сваёй рабоце вельмі эфектыўна карыстаецца гэтай «фішкай». Ды нават новым партнёрам не прыходзіцца аб гэтым нагадваць — слава аб надзейнай і бездакорнай рабоце кабрынчан імкліва разносіцца па Беларусі і за яе межамі. Сёння прадукцыя «Кобрынаграмаша» пастаўляецца ў чатыры краіны свету, і аб’ём экспарту расце. Калі за мінулы год ад экспарту атрымана 625 тысяч долараў, дык сёлета за 5 месяцаў ужо 338 тысяч. Электракабель і іншыя тавары з кобрынскай маркай ведаюць у Расіі, Венгрыі, Літве, Украіне. Ды і ў Беларусі з «аграмашаўцамі» супрацоўнічаюць такія славутыя прадпрыемствы, як Мінскі трактарны завод, МАЗ, «Гомсельмаш» , «Амкадор» , завяршыліся паспяховыя перагаворы з БелАЗам.

…А чаму, цікава, сваю сістэму прыярытэтаў «аграмашаўцы» назвалі «Бермудскім» трохвугольнікам? Задаваў гэтае пытанне многім работнікам. I спецыялістам, і простым рабочым. Дзіўна, аднак ніхто з маіх суразмоўцаў адказаць дакладна не змог. Ну, назваў нехта так — вось і ўсё. Прыліпла назва, як мянушка да чалавека. Але, мне здаецца, не ўсё так проста: распрацаваная на прадпрыемстве сістэма прыярытэтаў патрабуе ад кожнага работніка напружанай, плённай працы. Тыя ж, што не вытрымліваюць жорсткіх патрабаванняў, звальняюцца і знікаюць з вачэй і памяці ўсяго астатняга калектыву, як знікаюць страціўшыя арыенціры караблі ў Бермудскім трохвугольніку. А тыя, хто застаўся, працуюць бездакорна. Так што на просьбу назваць лепшых дырэктар сказаў, што на «Кобрынаграмашы» ўсе лепшыя — горшых тут няма.

Вячаслаў Бурдыка

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.