1994 Кабяк Вяртанне святыні

Кабяк, Э. Вяртанне святыні / Эдуард Кабяк // Літаратура і мастацтва. – 1994. – 29 ліпеня.

Майстар, мастак М. П. Кузьміч узяўся зрабіць дакладную копію святога Крыжа Еўфрасінні Полацкай.

Вяртанне святыні

Адрадзіць адну з найвялікшых беларускіх святыняў узяўся брэсцкі мастак Мікалай Кузьміч.

…Жыў у старажытным Полацку ў даўнія вякі майстар Лазар Богша. Па заказе прападобнай княгіні Еўфрасінні зрабіў ён у 1161 годзе крыж, які стаў шэдэўрам старажытнага беларускага мастацтва. Аснова яго была драўлянай, а сам ён быў пакрыты каляровай эмаллю, а па ёй срэбрам, золатам, каштоўнымі камянямі. Вызначальныя ювелірна выкананыя надпісы, адзін з якіх гаворыць: «Няхай не выносяць яго з манастыра ніколі, і не прадаюць, не аддаюць. Калі ж не паслухае хто і вынесе з манастыра, няхай не паможа яму святы крыж ні ў жыцці гэтым, ні ў будучым, няхай пракляты ён будзе…»

Стагоддзі прабыла рэліквія ў святым полацкім манастыры. Але ўжо ў дваццатыя гады нашага стагоддзя за яе актыўна ўзяліся «ваяўнічыя атэісты». За лічаныя гады яны нанеслі святыні шкоду непараўнана большую, чым усе папярэднія сем з паловай стагоддзяў. У гады ж вайны сляды Крыжа i зусім згубіліся. Невядома, дзе ён цяпер і каго карае сваёй прыгажосцю.

На шчасце, засталіся ў маскоўскіх і пецярбургскіх музеях і архівах фотаздымкі Крыжа, ёсць і падрабязныя яго апісанні. Да таго ж жыве ў Брэсце наследнік Лазара Богшы, філігранных спраў майстар, мастак Мікалай Пятровіч Кузьміч. Ён і ўзяўся за нялёгкую і адказную работу — зрабіць дакладную копію святога Крыжа Еўфрасінні Полацкай. Праца разлічана на многія гады, мастак вывучае дакументы і здымкі, сустракаецца з людзьмі, якія бачылі Крыж. Яго майстэрню асвяціў сам Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт, ідэю падтрымаў і ўрад. Цяпер ужо выраблены некалькі муляжоў, ідуць пошукі ў аднаўленні ўсіх працэсаў тэхналогіі вырабу святыні.

Сам жа Кузьміч родам з вёскі Вулька Драгічынскага раёна. Ягоны дзед Нічыпар быў вядомым на ўсё наваколле кавалём. Работы брэсцкага мастака-эмальера шырока вядомы далёка за межамі Брэста, ведаюць пра іх у Еўропе і Амерыцы. Ён — лаўрэат прэстыжных міжнародных выставак.

Невядома, чым закончыцца доўгі шлях спасціжэння нашым суайчыннікам тайнаў майстра Лазара Богшы. Аднак ужо ў гэтых настойлівых пошуках бачыцца сувязь часоў i пакаленняў.

Эдуард КАБЯК, БЕЛІНФАРМ

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.