1990 У Кобрыне 70 гадоў назад

Мартынаў, А. У Кобрыне 70 гадоў назад / А. Мартынаў // Камуністычная праца. – 1990. – 31 ліпеня.

Падзеі савецка-польскай вайны 1919-1920 гг. на Кобрыншчыне.

У КОБРЫНЕ 70 ГАДОЎ НАЗАД

У апошнія дні ліпеня спаўняецца 70 гадоў з таго дня, калі над Кобрынам упершыню ўзняўся чырвоны флаг. Каб лепш зразумець, пры якіх абставінах гэта адбылося, неабходна аднавіць у памяці папярэднія падзеі таго перыяду.

Пажар першай сусветнай вайны, што ўспыхнуў у ліпені 1914 года, праз год апаліў Кобрыншчыну. За два тыдні да набліжэння фронта пачалася эвакуацыя насельніцтва ўглыб краіны. Па загаду ваеннага камандавання пакінутыя вёскі спальваліся.

З лета 1918 года ў выніку заключанага Брэсцкага мірнага дагавора першыя ручайкі бежанцаў паплылі назад, на захад. А тут тым часам развіваліся падзеі, што прывялі да буйных вынікаў.

Пасля капітуляцыі Германіі на Заходнім фронце акупанты паспешна накіроўваліся дамоў, а тут улада на кароткі перыяд перайшла да пятлюраўцаў, якія, у сваю чаргу, вымушаны былі ўступіць месца палякам.

Урад адроджанай Польшчы вырашыў, што трэба выкарыстаць унікальны момант, калі Германія крайне аслаблена ў выніку прайгранай вайны, а на Расіі адбіліся цяжкія вынікі знешняй і грамадзянкай войн, каб расшырыць польскія граніцы («Лінія Керзана») шляхам далучэння Беларусі і Украіны. У красавіку — жніўні 1919 года польскімі войскамі была акупіравана большая частка Беларусі і частка Украіны. Гэта стала магчымым у выніку таго, што асноўныя сілы Чырвонай Арміі былі задзейнічаны на больш важных франтах грамадзянскай вайны, дзе ўзнікала пагроза самому існаванню маладой рэспублікі Саветаў.

Падтрымліваемы краінамі Антанты, якія перадалі Польшчы вялікую колькасць ваеннай маёмасці, што засталася пасля сусветнай вайны, польскі ўрад упарта адвяргаў неаднаразовыя мірныя прапановы савецкага боку. Заключыўшы саюзны дагавор з пятлюраўцамі і сканцэнтраваўшы на ўсходзе 150-тысячную армію, якой процістаяла 65 тысяч чырвонаармейцаў, Пілсудскі 25 красавіка 1920 года пачаў агульнае наступленне, у выніку якога былі захоплены Мінск і Кіеў. Аднак поспех гэты быў кароткатэрміновым, і ўжо 26 мая Чырвоная Армія перайшла ў наступленне, у выніку якога былі вызвалены 12 чэрвеня Кіеў і 11 ліпеня — Мінск.

Адступленне палякаў, якое часта напамінала бегства, стварыла цяжкасці для наступлення Чырвонай Арміі, перадавыя часці якой адарваліся ад сваіх баз забеспячэння і востра адчувалі недахоп боепрыпасаў і прадуктаў.

У тыя дні 33 чырвонаармейцы, якія апынуліся ля вёскі Паляцічы, пасля няўдалай спробы ўзарваць чыгуначны мост паспрабавалі з аднымі вінтоўкамі захапіць польскі бронецягнік. Усе яны загінулі і пахаваны ў брацкай магіле на мясцовых воінскіх могілках.

30 ліпеня часці Чырвонай Арміі ўступілі ў Кобрын. Ужо на наступны дзень быў арганізаваны павятовы ваенна-рэвалюцыйны камітэт, да якога перайшла ўся паўната ўлады. Для падтрымання парадку ў горадзе стварылі міліцыю.

У музеі імя Суворава захоўваюцца першыя загады рэўкома, галоўнай задачай якога, побач з неадкладнымі арганізацыйнымі пытаннямі, было ўсямернае садзейнічанне наступаючай арміі. Першачарговай справай было аднаўленне чыгункі на ўчастку Кобрын – Гарадзец. Для гэтага мабілізавалі ўсё працаздольнае насельніцтва.

Супрацоўнікі рэўкамітэта і яго аддзелаў актыўна заняліся арганізацыяй нармальнага жыцця насельніцтва. Ствараліся валасныя сельскія камітэты, камітэты беднаты. Трэба было неадкладна ўбіраць ураджай і нарыхтоўваць фураж для коней у маёнтках, уладальнікі якіх уцяклі з польскімі войскамі. У рады Чырвонай Арміі прызываліся добраахвотнікі. Аднак на перабудову жыцця на новы лад было адпушчана надта мала часу. Хутка Кобрын на тры тыдні стаў франтавым горадам.

У рашаючых баях за Варшаву 14 жніўня ў выніку сукупнасці неспрыяльных умоў Чырвоная Армія цярпела паражэнне і была вымушана адступаць. Ужо 19 жніўня быў пакінуты Брэст. Аднак далейшы рух палякаў удалося стрымаць на тры тыдні на лініі Радванічы— Булькова—Жабінка —Камянец. 12 верасня рэвалюцыйны камітэт эвакуіраваўся з Кобрына.

Аб баях, што праходзілі на палях Кобрыншчыны ў ліпені — верасні 1920 года, цяпер напамінаюць брацкія магілы чырвонаармейцаў. У вёсцы Балоты пахавана 13 загінуўшых. У Паляцічах, акрамя 33-х чалавек, аб якіх ужо ўпаміналася, ляжаць астанкі яшчэ 67 «незнаных жолнежы армии большевицкей», як напісана на польскай мове на адной з каменных пліт. У сярэдзіне дваццатых гадоў сюды перанеслі астанкі воінаў, якія загінулі ў вераснёўскіх баях і былі пахаваны ў розных месцах. Тры брацкія магілы чырвонаармейцаў знаходзяцца на воінскіх могілкак першай сусветнай вайны, што на ўскраіне вёскі Тэўлі. Падобныя магілы былі ў вёсках Бародзічы і Гайкоўка, але цяпер іх не засталося.

А. МАРТЫНАЎ,

жыхар г.Кобрына.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.