1990 Унія на Кобрыншчыне

Мартынаў, А. Унія на Кобрыншчыне / А. Мартынаў // Камуністычная праца. – 1990. – 6 студзеня.

Аб гісторыі ўвядзення уніяцтва на Кобрыншчыне.

УНІЯ НА КОБРЫНШЧЫНЕ

У апошні час саюзнае тэлебачанне неаднаразова даносіла да нас весткі аб бурным усплеску міжрэлігійных канфліктаў на Львоўшчыне. Акты насільных захопаў уніятамі праваслаўных храмаў жыва напамінаюць падобныя падзеі, якія ўскалыхнулі некалькі стагоддзяў назад нашу Кобрыншчыну.

Каб лепш усвядоміць сэнс успыхнуўшага ў Львове канфлікту, трэба хоць бы ў агульных рысах углыбіцца ў далёкае мінулае хрысціянства. Гісторыя гэтай сусветнай рэлігіі за два тысячагоддзі яе існавання літаральна запоўнена жорсткай барацьбой са шматлікімі ерасямі і расколамі. Прычым абодва бакі, якія проціборствавалі, лічылі толькі сябе адзінымі ўладальнікамі ісціны, а сваіх праціўнікаў абвінавачвалі ў памылках і вераадступніцтве.

Асаблівае абвастрэнне набылі адносіны паміж процілеглымі бакамі ў 1054 годзе, калі ў асноўны адзіным да таго часу хрысціянскі свет раскалоўся на заходніх і ўсходніх веруючых, назваўшых сябе адпаведна католікамі і праваслаўнымі з цэнтрамі ў Рыме і Канстанцінопалі. Не жадаючы мірыцца з такім становішчам, рымскія папы ўпарта дабіваліся ўз’яднання пад сваёй уладай усіх хрысціян. Найбольш паспяховай спробай у гэтым напрамку аказалася так званая Брэсцкая царкоўная унія, якая была заключана ў 1596 годзе. Канчатковай яе мэтай ставілася поўнае выкараненне праваслаўнай схізмы на тэрыторыі Рэчы Паспалітай (Польшчы і Літвы), якая ўключала ў сябе таксама ўсе беларускія землі і значную частку Украіны.

Калі тутэйшае праваслаўнае духавенства і значная частка беларускіх і ўкраінскіх феадалаў, зыходзячы з карыслівых пабуджэнняў, актыўна падтрымала унію, то зусім іншымі былі адносіны да гэтай акцыі ў самых шырокіх народных мас. Тым больш, што насаджэнне уніі суправаджалася прымяненнем самага безагляднага прыгнёту — па дэвізу іезуітаў: «мэта апраўдвае сродкі». Гэта ў сваю чаргу выклікала актыўнае процідзеянне народных нізоў, якое асабліва моцна патрэсла Польшчу ў час паўстання казакаў у сярэдзіне XVII-гa стагоддзя.

Ужо хутка пасля ўвядзення уніі ўсе кобрынскія храмы ўзначаліла ўніяцкае духавенства. У руках уніятаў аказаўся таксама старажытны праваслаўны Спаскі манастыр, перададзены ваяўнічаму манаскаму ордэну базіліян, які быў створаны для бараць бы з праваслаўем. У 1629 годзе ў Кобрыне адбыўся сабор уніяцкіх епіскапаў.

У тым жа 1629 годзе праціўнікі уніі заснавалі недалёка ад горада, у вёсцы Лепясы, новы праваслаўны манастыр. Апякун гэтага пачынання шляхціч Прышыйхвосцкі перадаў манастыру землі з угоддзямі, адначасова выказаў пажаданне, каб ён перайшоў пад ідэйную абарону і апеку манастыра віленскага брацтва св. Духа. Такім чынам, упартым праваслаўным давалася магчымасць прымаць удзел у богаслужэнні.

Да чаго гэта хутка прывяло, сведчаць старыя дакументы, якія пацвярджаюць непрыманне кабрынчанамі навязанай зверxy уніі.

Так, кароль Ян Сабескі накіраваў віленскаму кашталяну грамату наконт скаргі епіскапа Зяленскага на кобрынскіх мяшчан. У ёй сказана: «Скардзіўся нам епіскап Уладзмірскі і Брэсцкі на ўсіх мяшчан г. Кобрына ў тым, што яны не толькі перасталі ўносіць старыя фундушы (сродкі) на цэрквы, якія перайшлі да уніі (нягледзячы на тое, што продкі іх з даўніх часоў утваралі ў іх абрады), але, мінуючы гэтыя цэрквы, робяць на агародах нейкія паганыя капішчы (язычаскія могілкі) і хаваюць там сваіх памершых. Мала таго, насуперак ранейшым дэкрэтам, яны хаваюцца, ходзяць за царкоўнымі трэбамі ў схізматычны манастыр і такім чынам не толькі наносяць урон славе боскай, але і падрываюць яшчэ дабрабыт старажытных цэркваў і капеланаў (свяшчэннікаў)». Аднак непаслухмяныя кобрынскія мяшчане ў дадатак яшчэ пачалі пагражаць епіскапу, таму кароль загадаў кашталяну прыцягнуць да адказнасці і строга пакараць неслухаў.

Нават праз стагоддзе пасля ўвядзення уніі сярод гараджан працягвалі бушаваць з неаслабнай сілай рэлігійныя сваркі.

Захаваліся звесткі аб захопе уніяцкімі фанатыкамі Лепясоўскага манастыра. Адбылося гэта на першы дзень свята вялікадня ў 1691 годзе. Уніяты напалі на праваслаўных у час богаслужэння. Апошнія зачыніліся у манастырскай царкве. Поўнасцю ўпэўненыя ў сваёй беспакаранасці, уніяты выбілі дзверы, выгналі свяшчэнніка і веруючых і захапілі царкву.

Дарэчы, яшчэ да захопу манастыра рэлігійная нецярпімасць даходзіла да таго, што калі праваслаўныя на вялікдзень перапраўляліся з пасвячанай ежай цераз Мухавец, уніяты, нацкаваныя сваім духавенствам, зрабілі засаду, адымалі яйкі, іншыя прадукты і кідалі ў рэчку.

У Расійскай імперыі унія была канчаткова ліквідавана па рашэнню Полацкага сабора ў 1839 годзе. А вось на Заходняй Украіне, у тым ліку і ў Львове, які да першай сусветнай вайны ўваходзіў у склад Аўстра-Венгрыі, унія працягвала афіцыйна існаваць да 1949 года.

Падзеі далёкага мінулага нечакана напомнілі аб сабе дваццаць гадоў назад. У той час на Кобрыншчыне група супрацоўнікаў Інстытута этнаграфіі і фальклору АН БССР збірала матэрыялы для шматтомнага выдання «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі». Пры абследаванні Нікольскай царквы ўвагу даследчыкаў прыцягнулі своеасаблівыя дашчатыя вертыкальныя «корабы» у чатырох кутках будынка, якія служылі для прыдання ўнутранаму памяшканню храма формы крыжа. Зацікаўленыя маладыя вучоныя спусціліся зверху ў гэтыя “корабы”. І нечаканна ў адным з “корабаў” знайшлі старажытныя драўляныя скульптуры рэлігійнага зместу. У адной з іх была апазнана характерная фігура самога «патрона» царквы — святога Мікалая ў мітры. Знаходкі добра захаваліся, за выключэннем адной скульптуры. Усе «трафеі» паступілі ў музей Акадэміі Навук БССР.

А гісторыя гэтага скарбу такая. Пасля ліквідацыі уніі было вырашана захаваць усе наяўныя іконы, якія мелі пэўныя праваслаўныя элементы, хоць і з адхіленнямі. У той жа час скульптуры, што з’яўляліся атрыбутамі каталіцкага і ўніяцкага веравызнання, знішчаліся. Напэўна, у такой сітуацыі ў прыхільнікаў уніі ўзнікла думка паспрабаваць выратаваць «апальных багоў» у тайніку.

Як бачым, гісторыя сведчыць аб тым, што хоць уніяцтва і насаджалася сілай, на нашай Кобрыншчыне яно сустрэла адэкватнае і мацнеючае супраціўленне шырокіх мас праваслаўных веруючых, распаўсюджання не атрымала і колькі-небудзь прыметных каранёў не пусціла. Рэлігійныя войны ў гісторыі чалавецтва ўвогуле вылучаюцца як найбольш жорсткія, адзначаныя фанатызмам і лютай нянавісцю да іншаверцаў. Мінулі стагоддзі, народы свету далёка наперад рушылі навуку, тэхніку, рынуліся ў касмічную прастору, а водгаласкі таго рэлігійнага фанатызму то тут, то там яшчэ даюцца людзям у знакі. Проста балюча і горка за людзей, калі даведваешся аб падзеях накшталт львоўскіх, дзе рэлігійная нецярпімасць перайшла ўсе межы годнасці, уласцівай чалавеку цывілізаванага грамадства.

А. МАРТЫНАЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.