ЭР Краязнаўства Берасцейшчыны

110 гадоў з дня нараджэння Васілісы Сямёнаўны Селівонік: [Электронны рэсурс] // Краязнаўства Берасцейшчыны. – Рэжым доступу: http://kb.brl.by/. – Дата доступу: 12.02.2018.

110 гадоў з дня нараджэння ВАСІЛІСЫ СЯМЁНАЎНЫ СЕЛІВОНІК (1907, Кобрынскі р-н – 1990), удзельніцы рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, удзельніцы партызанскай барацьбы ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ганаровага грамадзяніна г. Брэста

Селівонік Васіліса Сямёнаўна (28.10.1907 – 14.12.1990) – дзеяч рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, удзельніца партызанскай барацьбы ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ганаровы грамадзянін г. Брэста.

Нарадзілася 28 кастрычніка 1907 г. у в. Літвінкі Кобрынскага paёна. 3 1915 г. сям’я была ў бежанстве ў Калужскай губерні. Там у 1919 г. Васіліса закончыла 4 класы царкоўна-прыходскай школы. У 1921 г. сям’я вярнулася на радзіму.

У 1928 г. Васіліса Селівонік уступіла ў падпольную арганізацыю Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі. З 1931 г. – член Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ). Знаходзячыся на партыйнай рабоце, Васіліса Селівонік займае шэраг адказных пасад. У ліпені 1931 г. яна выбрана намеснікам сакратара Кобрынскага падпольнага райкама КПЗБ. У 1933-1934 гг. В. Селівонік вучылася ў Мінскай школе КПЗБ, пасля заканчэння якой працавала сакратаром Гродзенскага, Слонімскага, Пінскага акруговых камітэтаў КПЗБ. У 1935 г. — дэлегат II з’езду КПЗБ.

Васілісу Селівонік вузкі круг ведаў па партыйных псеўданімах «Галя», «Ліза», «Сашка». За рэвалюцыйную дзейнасць у 1936 г. В. Селівонік была арыштавана польскімі ўладамі і прыгаворана да дзесяці гадоў турэмнага зняволення. Вызвалена пасля ўз’яднання заходніх абласцей Беларусі ў верасні 1939 г.

В. С. Селівонік была дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі ад Кобрынскага раёна (кастрычнік-лістапад, 1939). У 1940 г. пераехала на працу ў Жабінку, працавала загадчыцай аддзелам кадраў Жабінкаўскага райвыканкама.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Васіліса Селівонік з’яўлялася сувязной партызанскага атрада імя М. М. Чэрнака, а затым ваявала ў складзе атрада. З красавіка 1943 г. В. Селівонік — сакратар Жабінкаўскага раённага антыфашысцкага камітэта.

Пасля вайны В. С. Селівонік на партыйнай і савецкай рабоце ў г. Брэсце. Васіліса Сямёнаўна працавала загадчыцай агульным аддзелам Брэсцкага гарсавета, займалася грамадскай працай. Яна з’яўляецца аўтарам успамінаў «У суровыя гады падполля» (1958 г.), «Гады выпрабаванняў і мужнасці» (1973 г.).

Узнагароджана двума ордэнамі Чырвонай Зоркі і медалямі.

У 1969 г. Васілісе Сямёнаўне Селівонік прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін г. Брэста».

Памерла 14 снежня 1990 г. На доме, у якім жыла В. С. Селівонік (вул. Інтэрнацыянальная, 7), усталявана мемарыяльная дошка.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. цэнтральнай раённай бібліятэкай ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма».

Курачук Святлана Дзмітрыеўна, галоўны бібліёграф

аддзела абслугоўвання і інфармацыі.

  1. Долготович, Б. Д. Селивоник Василиса Семёновна / Б. Д. Долготович // Почётные граждане белорусских городов / Б. Д. Долготович. Минск, 2008. С. 13.
  2. Селивоник Василиса Семёновна // Регионы Беларуси. В 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 2. С. 340-341.
  3. Селивоник Василиса Семёновна // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2008. Т. 6. С. 617.
  4. Селівонік Васіліса Сямёнаўна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 14. С. 307.
  5. Селівонік Васіліса Сямёнаўна // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 276.
  6. Селівонік Васіліса Сямёнаўна // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Кобрынскага раёна. Мінск, 2002. С. 228-230.
  7. Селивоник Василиса Семёновна // Брест : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 326.
  8. Литвинович, Е. Быть в почёте / Евгений Литвинович // Заря. 2014. 20 мая. С. 3.
  9. Крэйдзіч, М. Шляхам трывог і надзей / Марыя Крэйдзіч // Народная трыбуна. 2009. 14 сакавіка.
  10.  Селивоник Василиса Семеновна : [некролог] // Заря. 1990. 18 декабря.
  11.  Алясюк, А. У полымі вайны / А. Алясюк, І. М. Каржук // Сельская праўда. 1983. 22 сакавіка.
  12.  Доброхотова, Е. Депутат народного собрания / Е. Доброхотова // Заря. 1982. 17 ноября.
  13.  Припотнев, А. “Остаюсь в строю…” / А. Припотнев // Заря. 1977. 28 октября.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.