Плешавеня Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка горада Гродна

Плешавеня, А. М. Першы старшыня / А. М. Плешавеня // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка горада Гродна. – Мінск, 1999. – С. 330, 331. – (На крутым павароце гісторыі).

Першы старшыня

Газета «Свабодная Беларусь», якая выходзіла ў Гродне, 3 лютага 1940 г. пісала: «Да прыходу рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі на прамысловых прадпрыемствах працавала 2400 чалавек, на 1 студзеня 1940 года гэта лічба вырасла на 175 працэнтаў. Тры тысячы былых беспрацоўных былі ўладкаваны на сталую працу. Каля 500 чалавек запісаліся на працу ў іншыя раёны СССР. Амаль поўнасцю было ліквідавана беспрацоўе сярод настаўнікаў, бухгалтараў, медработнікаў, шафёраў, слесараў, сталяроў, цесляроў…» Гэтыя радкі належаць Пятру Іванавічу Ратайку, першаму старшыні Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных. У артыкуле «Гродна — насустрач выбарам» ён расказаў аб зменах, якія адбыліся ў жыцці працоўных горада за першыя месяцы савецкай улады.

На пасаду старшыні Гродзенскага гарадскога Савета Пётр Іванавіч Ратайка быў рэкамендаваны ў снежні 1939 г. Да гэтага часу ён прайшоў вялікі жыццёвы шлях.

Нарадзіўся П. І. Ратайка 13 студзеня 1898 г. ў в. Пяскі Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1912 г. закончыў 3 класы мясцовай школы, потым працаваў разам з бацькамі на гаспадарцы.

У верасні 1915 г. сям’я Ратайкаў з набліжэннем германскіх войск эвакуіравалася ў г. Арэнбург. У маі 1916 г. Пятра Ратайку забралі на фронт.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. ён з першых дзён са зброяй у руках у Чырвонай Арміі, у складзе 18-га стралковага палка. Служыў спачатку радавым, а потым палітруком. Удзельнічаў у баях супраць войск генерала А. І.  Дутава і адмірала А. В. Калчака. У ліпені 1920 г. ўступіў у РКП(б). Пасля дэмабілізацыі працаваў старшынёй Заслаўскага і Самахвалавіцкага валасных выканкомаў. 3 1926 г. тры гады вучыўся ў Камуністычным універсітэце Беларусі ў Мінску. Пасля яго заканчэння працаваў старшынёй Чэрыкаўскага потым Крычаўскага райвыканкомаў, намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкома.

Гістарычныя падзеі ў жыцці беларускага народа, звязаныя з уз’яднаннем Заходняй Беларусі з БССР, паклікалі Пятра Ратайку ў нашы мясціны. Яго, як вопытнага работніка накіравалі ў Гродна.

У той час Гродна з’яўлялася адным з буйнейшых прамысловых цэнтраў Заходняй Беларусі. Тут было некалькі адносна вялікіх на той час прадпрыемстваў: фанерны і шкляны заводы, тытунёвая фабрыка. Горад з’яўляўся буйным чыгуначным вузлом. Але большасць прадпрыемстваў былі невялікімі, на іх выкарыстоўвалася ў асноўным ручная праца. Гаспадарка горада знаходзілася ў занядбаным стане, не хапала тавараў першай неабходнасці. Гэтыя і іншыя цяжкасці давялося пераадольваць гарадскому Савету дэпутатаў працоўных і яго першаму старшыні Пятру Іванавічу Ратайку разам з іншымі партыйнымі і савецкімі ўстановамі.

Шмат карысных спраў удалося зрабіць у горадзе за няпоўныя 2 гады савецкай улады. Яшчэ большымі былі планы на 1941 г. і наступныя гады, але перашкодзіла вайна.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Ратайка знаходзіўся ў дзеючай арміі. Ваяваў у складзе 3-й арміі на Бранскім фронце. За мужнасць у барацьбе з ворагам ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Восенню 1943 г. з пачаткам вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Пётр Іванавіч быў адкліканы з арміі і накіраваны ў распараджэнне СНК БССР, які часова знаходзіўся ў Гомелі. Ратайка працаваў намеснікам старшыні СНК рэспублікі, а ў 1944 г. прыехаў у толькі што вызваленае Гродна.

Да 1948 г. займаў пасаду старшыні Гродзенскага абласнога выканкома. У гэтыя гады шмат увагі і часу аддаваў аднаўленню разбуранай гаспадаркі горада.

У наступныя гады Пётр Іванавіч працаваў у Мінску, на працягу некалькіх гадоў узначальваў Галоўнае ўпраўленне рыбнай прамысловасці пры СМ БССР.

У 1938-1955 гг. П. І. Ратайка выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Ен узнагароджаны 6 ордэнамі і медалямі. У 1967 г. яму прысвоена званне Ганаровы грамадзянін г. Гродна. Памёр П. І. Ратайка ў 1982 г.

А. М. Плешавеня.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.