2001 Клюйко, А. Лідэр

Клюйко, А. Лідэр / Ала Клюйко // Настаўніцкая газета. – 2001. – 6 снежня.

Партрэт кіраўнікаКобрынскага ПТВ № 153 Марыі Мікалаеўны Клачковіч.

Партрэт кіраўніка

Лідэр

Марыя Мікалаеўна Клачковіч па-ранейшаму застаецца адзінай жанчынай у дырэктарскім корпусе сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі Брэстчыны. Але не толькі гэтым адметная яе асоба. Выдатнік адукацыі, удзельнік Другога з’езда настаўнікаў, Марыя Мікалаеўна прыцягальная яшчэ багатымі чалавечымі якасцямі: душэўнай спагадай, дабрынёю, сардэчнасцю. I ў той жа час яна вельмі патрабавальны і моцны характарам кіраўнік. Пад сілу ж ёй стаў перавод Кобрынскага ПТВ №153 на шлях рэфарматарскіх пераўтварэнняў, дзе поўнасцю быў заменены профіль установы.

Такую ношу першапраходцы не вельмі хочуць узвальваць на сябе многія кіраўнікі. Лепей каціцца па накатанай. Але ж інэрцыя і пасіўнасць адыходзяць у нябыт. Час перамен, эканамічных новаўвядзенняў не збіраецца прыручаць старыя прыёмы кіраўніцтва, а вылучае новыя патрабаванні, застацца ў баку ад якіх ужо недаравальна. Гаворка ж ідзе аб лёсе адукацыі на перспектыву. На сённяшні момант, як адзначалася на з’ездзе, айчынная сістэма адукацыі не ў поўнай меры адпавядае сучасным запытам грамадства і эканомікі. Не можа яна пакуль вырашыць праблему і так званага кадравага голаду, абумоўленага новымі патрабаваннямі да ўзроўню кваліфікацыі маладых спецыялістаў, у той жа час як i многія выпускнікі не могуць вызначыць “асабістую нішу” ў жыцці.

Узнімаемыя праблемы непазбежна завязваюцца на складаемых навучальнага працэсу, патрабуюць балансу паміж адукацыяй і эканомікай, пры якім ажыццяўляецца высакаякасная падрыхтоўка кадраў менавіта па той прафесіі, якую патрабуе рынак працы, канкрэтны работадаўца.

Каб прывесці гэтую сістэму ўзаемадзеяння ў пэўную адпаведнасць патрабаванням часу, яго рэаліяй становіцца сёння адаптацыя навучальных устаноў розных галін вытворчасці да новых эканамічных умоў развіцця грамадства і эканомікі.

Сігналы рынку працы на змяненні структуры вытворчасці ў рэгіёне былі ўспрыняты Марыяй Мікалаеўнай ужо з гатоўнасцю. Ва ўстанове дасканала вывучалася дынаміка развіцця эканомікі, тэндэнцыя яе рэструктурызацыі, якія пацвярджалі ўжо неадпаведнасць прафтэхадукацыі патрэбнасцям рэгіянальных работадаўцаў.

А пераход на шматпрофільнасць установы пачаўся яшчэ задоўга да глабальных перамен у эканамічным стане нашай дзяржавы.

Марыя Мікалаеўна Клачковіч прыняла ПТВ №153 ужо амаль дваццаць гадоў назад. Яна прыйшла сюды з педагагічнымі напрацоўкамі і творчымі задумкамі. Першапачатковы профіль установы быў звязаны з тэкстыльнай вытворчасцю. Базавым прадпрыемствам для яго з’яўлялася Кобрынская прадзільна-ткацкая фабрыка, якая рэгулярна працаўладкоўвала выпускнікоў вучылішча. Але ўстанову пачаў ужо падсцерагаць халасты ход: рабочых месцаў на фабрыцы ўжо не стала. Тэкстыльная вытворчасць рэгіёна пачала заміраць. Рэагаванне на такія змяненні ў вытворчым комплексе раёна было адпаведным. Пачаўся працэс скарачэння груп па прафесіі тэкстыльшчык, пераабсталяванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, спатрэбілася і пераквалі- фікацыя кадравага саставу калектыву ўстановы. Патрэбнасці рэгіёна былі дасканала вывучаны, і ў вучылішчы выбралі прафесіі швачкі і повара. Пацвярджэннем правільнасці выбару сталі працоўныя пагадненні на вытворчую практыку i працаўладкаванне навучэнцаў ca швейнай фабрыкай, а таксама з прадпрыемствамі грамадскага харчавання. Але гэтыя прафесіі былі, як кажуць, толькі першымі ластаўкамі ў перапрафіліраванні навучальнай установы Кобрына.

Апошнія пяць гадоў дзейнасць вучылішча можна па праву лічыць эксперыментальнай. У 1996-97 годзе пачата падрыхтоўка навучэнцаў па інтэграванай вучэбнай спецыяльнасці “Повар, швачка, сацыяльны работнік”, а ў наступным навучальным годзе па вучэбных спецыяльнасцях швачка; кравец лёгкага аддзення; прадпрымальнік, страхавы агент, повар; повар дзіцячага харчавання; прадпрымальнік. Тут у вучэбную спецыяльнасць аб яднаны адзінкавыя кваліфікацыі, якія адносяцца да розных профіляў, накірункаў адукацыі вучэбных спецыяльнасцей.

Характэрнае для працэсу змянення профілю ўстановы і ўвядзенне падрыхтоўкі па адзінкавых кваліфікацыях – “Сацыяльны работнік”, “Прадпрымальнік”, “Страхавы агент”, якая ўпершыню пачата не толькі ў Кобрынскім вучылішчы, але і ўвогуле ў рэспубліцы.

Прапанова аб падрыхтоўцы ў ПТВ спецыялістаў, якія будуць гатаваць ежу, шыць адзенне, аказваць даўрачэбную дапамогу, выконваць гаспадарчыя работы і фінансавыя разлікі, умець наладжваць стасункі з людзьмі, абдзеленымі ўвагай, была з паразуменнем успрынята Кобрынскім выканаўчым камітэтам. гарадскім і раённым аддзеламі сацыяльнай абароны.

З адпаведнымі галіновымі структурамі была ўзгоднена і спецыялістамі для страхавых агенцтваў, а таксама для новага сектара эканомікі — прадпрымальніцтва. І як паказвае час, арганізацыя эфектыўнага прафесійнага навучання па новых вучэбных спецыяльнасцях дазволіць забяспечыць кадрамі адпаведныя галіны, стварыць умовы для павышэння канкурэнтаздольнасці выпускнікоў вучылішча на рынку працы, падрыхтоўкі іх да індывідуальнай працоўнай дзейнасці. Наяўнасць некалькіх спецыяльнасцей дазваляе пашырыць магчымасці выпускнікоў ў працаўладкаванні. А яно, як вядома, з’яўляецца асноўным паказчыкам эфектыўнасці прафесійнага навучання ва ўстанове, правільнасці выбранага шляху. Таму мэтазгодна праілюстраваць узровень працаўладкавання ў ПТВ некаторымі лічбамі.

Так, у 1998 годзе адбыўся першы выпуск у эсперыментальнай групе страхавых агентаў. З 27 выпускнікоў працаўладкаваліся 24 чалавекі па спецыяльнасці — з іх 5 паступілі ў Мінскі фінансава-эканамічны каледж. А ў 1999 годзе выпускнымі сталі групы па прафесіі “Повар, швачка, Сацыяльны работнік”. І як паказвае практыка, выпускнікі маюць магчымасць працаўладкавацца па трох накірунках працоўнай дзейнасці. Так, з выпуску 1999 года працаўладкаваліся швачкамі 44 працэнты, поварамі — 42, сацыяльнымі работнікамі — 14 працэнтаў навучэнцаў.

А выпўскнікі 2001 года вызначыліся з работай адразу пасля заканчэння вучылішча. Узровень іх працаўладкавання склаў 96 працэнтаў.

Цікава, што пры Кобрынскім аддзяленні Белдзяржстраха створана маладзёжная брыгада страхавых агентаў з выпускнікоў вучылішча.

З гадамі не змяншаюцца паказчыкі ў працаўладкаванні выпускнікоў па прафесіі “Повар, повар дзіцячага харчавання, прадпрымальнік” (ад 90 да 100 працэнтаў ад выпуску), а таксама выпускнікоў па прафесіі “Швачка, кравец, прадпрымальнік”. Працаўладкаванне праходзіць як у дзяржаўных, так і ў камерцыйных структурах адпаведнай галіны.

Такім чынам, пачынаючыз 1996 года, Кобрынскае ПТВ №153 функцыянуе ў двух рэжымах: традыцыйным і эксперыментальным.

Трэба прызнаць, што, пачынаючы эксперыментальную работу, калектыву ўстановы давялося глыбока прааналізаваць метады эксперыменту, абгрунтаваць неабходнасць такой падрыхтоўкі на базе вучылішча, паклапаціцца пра стварэнне неабходных для гэтага матывацыйных, кадравых, фінансавых, нарматыўна-прававых умоў.

Былі створаны творчыя группы з работнікаў вучылішча, якія з дапамогай супрацоўнікаў Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, абласнога ўпраўлення адукацыі, вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі склалі праграмы эксперыменту, план работы і фінансавання пa арганізацыі і правядзенні эксперыменту.

Змяніла накірунак сваёй дзейнасці і метадычная служба вучылішча, якую ўзначальвае В. Хурсіна. У першачарговыя яе планы ўваходзіць карэкціроўка вучэбна-плануючай дакументацыі. Дзейнасць інжынерна- педагагічных работнікаў накіравана на комплексна-метадычнае забеспячэнне працэсу навучання ў эскперыментальных групах. Актыўна вядзецца работа пa забеспячэнні прафесійнай накіраванасці выкладання вучэбных дысцыплін. У сувязі з гэтым узнікла неабходнасць павышэння кваліфікацыі тых інжынерна-педагагічных работнікаў, якія працуюць у эксперыментальных групах. Напрыклад, у Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі была праведзена перападрыхтоўка выкладчыкаў вучылішча Н. Куцынай, П. Крусь, Л. Мамайка. Абласны вучэбна-метадычны цэнтр прафесійнай адукацыі на базе вучылішча правёў курсы павышэння кваліфікацыі для майстроў вытворчага навучання.

Адметна і тое, што ўжо пяць гадоў дзейнічае дагаворная аснова на падрыхтоўку кадраў у Віцебскім індустрыяльна-педагагічным каледжы. Выпускнікі вучылішча вяртаюцца адтуль кваліфікаванымі майстрамі вытворчага навучання для работы ў гpyпах швачак-краўцоў-повараў.

Прыйшло ў калектыў маладое папаўненне: Ю. Самцэвіч, Н. Мальчук, Т. Аліферчык, В. Воран, Н. Траццяк, А. Харошка, A. Дрык і шэраг іншых

А па-ранейшаму запатрабаваны вопыт сталых педагогаў. Шмат гадоў працуюць тут B. Бойка, С. Латышук, Н. Брытун, А. Хрушч, Н. Радзівіновіч. Т. Гегеня. Надзейнымі паплечнікамі сталі для Марыі Мікалаеўны Клачковіч яе намеснікі Л. Жук, В. Букач, Л. Мамайка, старшы майстар К. Галоўчык, якія працуюць у творчым адзінстве.

Але, як вядома, аднадумцаў не рыхтуюць. Яны групуюцца самі, апантаныя, няўрымслівыя, зараджаныя іскрай божай свайго лідэра. А такім лідэрам, безумоўна, з’яўляецца сёння для Кобрынскага ПТВ №153 Марыя Мікалаеўна Клачковіч.  

…Хаця зноў пратэкстыльную вытворчасць. Марыя Мікалаеўна прадбачліва не стала закрываць ва ўстанове навучанне па ткацтву. I не прагадала. Сёння ўменні кобрынскіх навучэнцаў спатрэбіліся ва Уладзімірскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Там, на адным з прадпрыемстваў тэкстылю, працуюць i выхаванцы Марыі Мікалаеўны. Удзячнасць расійскіх кіраўнікоў стане таксама добрым падарункам да 20-гадовага юбілею Кобрынскага ПТВ №153.

Ала Клюйко.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.