Памяць Лунінецкі раён

[Раманюк Іван Лявонцьевіч] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна. –Мінск, 1995. — С. 347, 348,354, 391,392.

Атрад Пятровіча

Лісовіч Фёдар Іванавіч (14.08.1910 — 30.08.1972). Нарадзіўся ў в. Гулевічы Жыткавіцкага р-на. Адзін з кіраўнікоў партыйнага падполля і партызанскага руху ў Пінскай вобласці, член КПСС з 1940. З 1933 на савецкай і адміністрацыйнай рабоце. У партызанах з ліпеня 1941, радавы, з ліпеня 1942 камісар атрада, з ліпеня 1943 камісар, у маі — ліпені 1944 камандзір партызанскай брыгады імя Кірава, адначасова ў канцы 1942 — ліпені 1944 сакратар Лунінецкага падпольнага РК КП(б)Б. Пасля вайны на савецкай рабоце ў Пінскай і Брэсцкай абласцях. У Лунінцы яго імем названа вуліца.

Фёдар Іванавіч Лісовіч успамінаў, што, калі пачалася вайна, ён быў палітруком роты ў 63-яй стралковай дывізіі: «…наша часць стаяла пад Рэчыцай. I вось выклікаюць мяне нечакана ў штаб, дзе знаёмяць з другім сакратаром Палескага абкама партыі Фёдарам Міхайлавічам Языковічам». Лісовічу прапанавалі заняцца стварэннем партызанскіх груп. «У вёсцы Вічын сустрэў Рыгора Швеца, потым іншыя таварышы да нас далучыліся. Паступова набралася група чалавек з дзесяць. Мы асмялелі. Узарвалі нафтабазу, яшчэ нешта па дробязі — пашкодзілі захопнікам. Вясною 1942-га лёс звёў з Андрэем Пятровічам Савіцкім — былым камандзірам-пагранічнікам. Незалежна ад нас узнікалі іншыя ўзброеныя групы, мы з імі знаходзілі кантакты, аб’ядноўваліся. У выніку нарадзіўся партызанскі атрад. Спачатку ён называўся проста атрадам Пятровіча — гэта імя па бацьку камандзіра Андрэя Савіцкага. Мяне абралі камісарам — я стаў называцца Івановым… Адначасова выконваў работу сакратара раённай падпольнай арганізацыі. Другім сакратаром быў Іван Лявонцьевіч Раманюк, які стаў пасля стварэння брыгады камісарам атрада імя Калініна..

У атрад Пятровіча ўвайшла група Рыгора Сцяпанавіча Карасёва (Воранава), у склад якой уваходзіў Пётр Мітрафанавіч Тараўкоў, будучы начальнік разведкі брыгады імя Кірава і член райкама камсамола, сакратаром якога стаў Аляксандр Кубасаў. Прыходзілі ў лес і іншыя групы.

Успамінае следчы з Лунінца Мікалай Сямёнавіч Крашчук: «У лес мы прыйшлі не з голымі рукамі. Нехта прынёс кулямёт Дзегцярова, нехта — дзесяцізарадку. Потым да нас далучыўся інтэндант Адам Машчыц, які і ўзначаліў спачатку групу. Разбіліся на два аддзяленні. Каля месяца блукалі па лесе, размясціліся недалёка ад Сітніцкіх хутароў, куды Каштанаў з Баранавым пасля выйшлі. Прыйшлі Лісовіч, Савіцкі, яшчэ некалькі чалавек: ад ЦК, маўляў, Беларусі мы, ёсць намер аб’яднацца. А што доўга думаць? Большасць выказалася за тэту прапанову. Прынялі навічкоў. I сталі разам атрадам Пятровіча. Ў хуткім часе разграмілі паліцаяў у Рэдзігераве, Чэрабасаве, Манасееве. Потым з Бастыні падышла група Карасёва».

Адначасова да групы Лісовіча далучыліся «дымаўцы» — група былога старшыні Кажан-Гарадоцкага сельсавета Рыгора Іванавіча Шуляка (Дымава). Ён успамінаў потым: «Канешне, ваякі з нас былі неважнецкія. Пад мястэчкам Лагішын забілі сем коней нямецкага кавалерыйскага палка, Двух салдат. Таму, калі ў чэрвені 1942 г. ад Лісовіча прыйшлі прадстаўнікі і прапанавалі аб’яднацца, мы адразу пагадзіліся».

У дзённіку з’яўляюцца запісы пра баявыя аперацыі: «15 ліпеня 1942 г. у населеным пункце Ракітна разбіты магазін. Прадукты і іншыя тавары раздадзеныя насельніцтву.

17 ліпеня 1942 г. групай камандзіра аддзялення Р. Дымава разбіты магазін у населеным пункце Язвінкі. Прадукты былі раздадзеныя насельніцтву. 27 жніўня. Спалены нямецкі маёнтак у в. Новы Двор, у якім знаходзілася 70 галоў буйной рагатай жывёлы, 150 галоў авечак, 15 свіней, а таксама да 40 тон зерня».

У жніўні 1942 г. атрад Пятровіча разам з атрадамі імя Шыша і Камарова (Каржа) прынялі ўдзел у разгроме гарнізонаў у Луніне, Бастыні, Парахонску, а 12 верасня — у Леніна (партызаны вызвалілі 48 арыштаваных, захапілі 1 кулямёт, 18 вінтовак). 30 кастрычніка 1942 г. атрады імя Кірава і імя Шыша правялі аперацыю па разгрому сінкевіцкага гарнізона. Ад Мікашэвіч да станцыі рушыла група Васіля Канцавога, з захаду — група Аляксандра Кубасава. Усяго наступала каля 200 партызан з 11 ручнымі кулямётамі і 12 аўтаматамі. Немцаў і паліцаяў на станцыі было звыш сотні — са станковымі кулямётамі ў дзотах і 5 ручнымі кулямётамі. Партызаны спалілі пастарунак, камендатуру, лесапільны і малочны заводы, падарвалі мост праз Лань. У час бою на станцыю нечакана прыйшоў вайсковы цягнік. Удзельнік бою А. Машчыц успамінаў: «Хапаем з Бронем Гулевічам па некалькі абмалочаных снапоў, кідаем іх пад рысоры бліжэйшых вагонаў. Сухая салома загарэлася адразу. З паравоза нас заўважылі, адкрылі стральбу. Мы адказалі. Загадваю Мішу Балашову бегчы туды — на паравозе поўна мазуту, неабходна і яго запаліць. I тут адзін вагон узарваўся. Грамыхнула так, што неба раскалолася. Эшалон быў перапоўнены боепрыпасамі. Ад дэтанацыі міны і снарады рваліся ўвесь дзень».

Неўзабаве атрад быў зарэгістраваны ў Маскве, яму прысвоена імя Кірава. Да атрада далучаліся ўсё новыя людзі.

Вадзім Жылко

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.