Біяграфічны нарыс

Падбярэзін Ілья Міхайлавіч

біяграфічны нарыс

Падбярэзін Ілья Міхайлавіч нарадзіўся ў 1902 годзе ў г. Навазыбкаў Чарнігаўскай губерні,(цяпер Бранскай вобласці) Расія.

З 8 па 23 лютага 1918 года знаходзіўся ў Чырвонай гвардыі (партызанскім атрадзе) у раёне г. Унеча, затым служыў у 1-м савецкім Тарашчанскім партызанскім палку. Разведчыкам, камандзірам аддзялення і начальнікам каманды конных разведчыкаў удзельнічаў у баях супраць германскіх войскаў, гайдамакаў і пятлюраўцаў.

З лютага 1919 года Ілья Падбярэзін быў ад’ютантам камандзіра палка, затым скончыў кароткатэрміновыя курсы камандзіраў у Кіеве. Курсантам удзельнічаў у баях на Украіне, двойчы паранены. 26 мая 1920 года скончыў навучанне і накіраваны памочнікам камандзіра сотні ў 1-ы кавалерыйскі полк 8-й кавалерыйскай дывізіі чырвонага казацтва. У складзе 14-й арміі Заходняга фронту ваяваў з палякамі ў раёнах гарадоў Чорны Востраў, Ліцін, Праскураў. З ліпеня – памочнік камандзіра эскадрона ў 10-й кавалерыйскай дывізіі 3-га коннага корпуса 4-й арміі. За гэтыя баі Ілья Падбярэзін быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

У студзені 1922 года назначаны ў 2-ю Тульскую стралковую дывізію ў г. Клімаў на пасаду памочніка камандзіра асобнага эскадрона, у жніўні працаваў выкладчыкам у школе сувязі дывізіі. Са снежня камандаваў эскадронам у 39-м кавалерыйскім палку 7-й Самарскай кавалерыйскай дывізіі ў гарадах Мінск і Рагачоў. Скончыў ваенныя акадэміі імя М. Фрунзе (1933) і Генеральнага штаба.

З лістапада 1936 года – камандзір асобнага эскадрона 35-й стралковай Чырванасцяжнай дывізіі ОКДВА. Летам 1938 года камандзір разведвальнага батальёна І. М. Падбярэзін прымаў удзел у баях ля возера Хасан. Са снежня 1938 года па ліпень 1939 года вучыўся на кавалерыйскіх курсах у Новачаркаску, затым прызначаны начальнікам штаба 33-га Церскага казацкага палка 10-й Церска-Стаўрапольскай казачай кава-лерыйскай дывізіі. У лютым 1941 года пераведзены ў 12-ю кавалерыйскую дывізію на пасаду начальніка штаба 107-га казацкага палка.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны маёр І. М. Падбярэзін прызначаны камандзірам 56-га асобнага разведвальнага батальёна 56-й танкавай дывізіі 26-га механізаванага корпусу. Пачаў вайну на Бранскім фронце, ваяваў на розных франтах. У баях пад Трубчэўскам быў паранены, але хутка вярнуўся ў строй. Удзельнічаў у Смаленскай бітве. Затым прызначаны выкладчыкам тактыкі Чкалаўскага кавалерыйскага вучылішча. У лістападзе пераведзены на пасаду начальніка штаба 55-й асобнай курсанцкай брыгады і з’ехаў пад Маскву. У складзе 1-й ударнай арміі Заходняга фронту брыгада ўдзельнічала ў контрнаступленні пад Масквой. Са жніўня 1942 года ўступіў у камандаванне 150-й асобнай стралковай брыгадай. У складзе 20-й арміі брыгада паспяхова дзейнічала ў Пагарэла-Гарадзішчанскай наступальнай аперацыі. Са снежня 1943 года камандаваў 1297-м стралковым палком 160-й стралковай дывізіі. З гэтымі палкамі ўдзельнічаў у баях пад Чавусамі і на аршанскім напрамку. У пачатку студзеня 1944 года пераведзены на пасаду камандзіра 692-га стралковага палка 212-й стралковай дывізіі.

У ліпені 1944 года падчас Беларускай аперацыі ўдзельнічаў у вызваленні Пінска і наступленні ў напрамку Кобрына, Брэста. Полк І. М. Падбярэзіна разам з іншымі часткамі 212-й стралковай дывізіі ў гэтыя дні фарсіраваў рэкі Прыпяць і Піна і выйшаў да шашы Пінск – Кобрын – Брэст, адразаючы праціўніку шлях адступлення на захад.

19 ліпеня, фарсіраваўшы раку Мухавец, падышлі да Кобрына. Горад быў важным апорным пунктам абароны гітлераўцаў. Умацаванні вакол яго пачалі ўзводзіць яшчэ вясной, сагнаўшы для гэтага сотні мясцовых жыхароў. Некалькі штурмавых груп атакавалі самыя ўразлівыя ўчасткі варожай абароны, захапілі траншэі першай лініі, задушылі галоўныя агнявыя кропкі. Следам асноўныя сілы палка нанеслі ўдары з флангаў і ўварваліся ў горад, знішчаючы штабы, лініі сувязі, тылавыя падраздзяленні гітлераўцаў. Неўзабаве да паўднёвых ускраін падаспела 12-я стралковая дывізія Героя Савецкага Саюза Д. К. Малькова. Праз чатыры гадзіны горад быў поўнасцю ачышчаны ад ворага. Загадам Вярхоўнага галоўнакамандуючага полк І. М. Падбярэзіна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, яму прысвоена найменне «Кобрынскі», многіх байцоў і камандзіраў узнагародзілі ордэнамі і медалямі. Ілья Міхайлавіч удастоены ордэна Кутузава III ступені.

У пачатку мая 1945 года І. М. Падбярэзін залічаны слухачом у Вышэйшую ваенную акадэмію імя К. Я. Варашылава. 31 жніўня 1945 года, пасля заканчэння курсаў, накіраваны ў распараджэнне Ваеннага савета Асобай ваеннай акругі (Кёнігсберг). З ліпеня 1947 года – намеснік камандзіра 29-й асобнай гвардзейскай стралковай Латышскай брыгады ў Рызе. У кастрычніку прызначаны камандзірам 154-га гвардзейскага стралковага Аршанска-Полацкага Чырвана-сцяжнага палка 51-й гвардзейскай стралковай Віцебскай ордэна Леніна Чырванасцяжнай дывізіі імя К. Я. Варашылава ў г. Клайпеда. 15 студзеня 1953 года палкоўнік І. М. Падбярэзін звольнены ў запас.

У 1965 годзе ў гонар вызвалення Кобрына ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у горадзе ўстанавілі стэлу. Пазней адкрылі помнік, на плітах якога высечаныя назвы 12 воінскіх часцей, якія вызвалялі горад і атрымалі найменне «Кобрынскі», партызанскай брыгады і партызанскіх атрадаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Кобрынскага раёна. У гонар 30-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўдзелу ў баях за Кобрын рашэннем выканкама Кобрынскага гарадскога Савета дэпутатаў № 104 ад 14 чэрвеня 1974 года Ілья Міхайлавіч Падбярэзін удастоены звання «Ганаровы грамадзянін горада Кобрына».

І. М. Падбярэзін узнагароджаны ордэнам Леніна (21.02.1945), чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга (1920, 30.03.1943, 03.11.1944, 20.06.1949), Чырвонай Зоркі (23.02.1938), Аляксандра Неўскага (15.10.1944), Кутузава III ступені (21.08.1944), Айчыннай вайны II ступені (06.04.1985) і шматлікімі медалямі, у тым ліку «За отвагу» (28.10.1967), «За оборону Москвы» (18.11.1944), «За победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.» (23.06.1945).

Ілья Міхайлавіч Падбярэзін памёр у 1990 годзе ў г. Рыга. Хавалі яго з вайсковымі ўшанаваннямі: з ружэйным залпам над магілай і з урачыстым маршам узвода Ганаровай варты. Пра свайго легендарнага бацьку яго сын, журналіст і пісьменнік Барыс Падбярэзін, расказаў у кнізе «Память» (2015), а таксама ў зборніку «Папина война», які дзеці франтавікоў напісалі ў памяць аб сваіх родных.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.