Біяграфічны нарыс

Мартынаў

Аляксей Міхайлавіч

біяграфічны нарыс

У кожнага горада ёсць свае запаветныя імёны, якія ніколі не забываюцца. Яны, як зоркі на небасхіле, ззяюць доўга і прыгожа, асвятляюць гістарычны шлях людзям, з’яўляюцца ўзорам служэння Айчыне і бліжняму. Для кабрынчан такой пуцяводнай зоркай стаў Аляксей Міхайлавіч Мартынаў.

У нашым рэгіёне, увогуле на Брэстчыне і ў рэспубліцы, яго імя добра вядома як імя чалавека — даследчыка гісторыі Кобрыншчыны, збіральніка рэдкіх дакументаў аб яе мінулым, першага і шматгадовага дырэктара музея імя А. В. Суворава, арганізатара і першага загадчыка гарадской бібліятэкі.

Шматлікія публікацыі А. Мартынава выявілі яго як яркага публіцыста, улюблёнага у родны край, яго гісторыю, прыроду і чалавека працы, абуджалі гэтыя высакародныя пачуцці ў падрастаючых пакаленняў.

Аляксей Міхайлавіч Мартынаў нарадзіўся 7 жніўня (20 жніўня па новым стылі) 1904 года ў горадзе Кобрыне ў сям’і народнага настаўніка. З самага ранняга дзяцінства адаронасць хлопчыка мела натуральнае і багатае выйсце. З 1911 года яго аддалі вучыцца ў Кобрынскае прыходскае вучылішча. А. Мартынаў прадоўжыў навучанне ў рэальным вучылішчы. У 1920-1921 гг. Аляксей Міхайлавіч стаў выкладчыкам лікбеза, а потым працаваў настаўнікам.

Пасля смерці бацькі клопат пра маці і малодшых дзяцей, пастаянная цяжкасць са сродкамі не дазволілі маладому чалавеку пайсці вучыцца далей. Аляксей Мартынаў працаваў рабочым пераважна на сезонных работах і на лесазаводзе, потым займаўся садоўніцтвам на прысядзібным участку. Але імкненне стаць пісьменным было настолькі моцным, што ён заняўся самаадукацыяй. Яго цікавасць і захапленні былі выключна шырокімі, ахоплівалі розныя галіны ведаў.

Аляксей Міхайлавіч самастойна вывучаў і добра валодаў англійскай, французскай, нямецкай, польскай і ўкраінскай мовамі, асвоіў эсперанта, добра маляваў. Апрача мовазнаўства, захапляўся чытаннем твораў класікаў сусветнай літаратуры. Самастойныя пробы пяра ўвянчаліся з’яўленнем шэрагу цікавых апавяданняў і аповесці. Літаратурная і публіцыстычная спадчына Аляксея Міхайлавіча і сёння не пакідае сумленняў у аўтарстве.

Нам, бібліятэкарам, асабліва прыемна тое, што А. М. Мартынаў быў арганізатарам і першым загадчыкам гарадской бібліятэкі г. Кобрына. У 1939 годзе, а потым у першыя дні вызвалення Кобрына ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Мартынаў многа зрабіў для таго, каб у найкарацейшы тэрмін наладзіць адпаведную работу бібліятэкі.

Са жніўня 1946 года Аляксей Міхайлавіч быў прызначаны дырэктарам Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава. Толькі дзякуючы старанням і энтузіязму Мартынава домік Суворава, які дастаўся яму ў даволі сумным стане, не толькі ацалеў, але і стаў візітнай карткай Кобрына, атрымаў вядомасць за межамі Беларусі.

Трыццаць два гады Аляксей Міхайлавіч аддаваў сябе любімай справе, даследаваў мінулае роднага горада, напісаў больш за 70 артыкулаў, публікаваўся ў рэспубліканскіх і мясцовых органах друку.

А. Мартынаў пабываў у шэрагу краін (больш чым у 150 гарадах), выка-рыстоўваў здабытыя звесткі і экспанаты для папаўнення музея. Бясцэнныя рэквізіты, дакументы, экспанаты дырэктар музея прывозіў у рэчавых мяшках, чамаданах у агульных вагонах поезда.

З 1965 г. па 1972 г. А. М. Мартынаў на грамадскіх пачатках узначаліў Кобрынскае аддзяленне добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Ён не толькі вёў работу па захаванні наяўных помнікаў, але таксама ініцыіраваў работу па ўвекавечанні месцаў, звязаных з гістарычнымі падзеямі на тэрыторыі Кобрыншчыны.

У 1974 годзе да трыццацігоддзя вызвалення Беларусі па ініцыятыве Аляксея Міхайлавіча і пры яго непасрэдным удзеле было ўстаноўлена 24 абеліскі з мемарыяльнымі дошкамі, прысвечанымі падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

Па яго ініцыятыве ў 1948 годзе ў Кобрыне быў заснаваны парк культуры і адпачынку імя А. В. Суворава, першы дырэктар якога В. І. Харытанюк быў блізкім сябрам Аляксея Міхайлавіча. Дзякуючы актыўнай дзейнасці А. М. Мартынава ў 1964 годзе ў Кобрыне быў устаноўлены помнік А. В. Сувораву работы Чабатарова.

Мартынаў дасканала ведаў сусветную гісторыю і гісторыю Кобрыншчыны. Нездарма яго артыкулы сталі першакрыніцай па вывучэнні і асэнсаванні мінулага роднага краю. Аляксей Міхайлавіч правёў вялікую работу па ўстанаўленні даты першага пісьмовага ўпамінання аб горадзе Кобрыне.

Высокі інтэлект, дыпламатычнасць, уменне аб’ектыўна ацаніць магчымасці кожнага чалавека, тактоўнасць у зносінах, тонкі гумар, а часам і лёгкая іронія прыцягвалі да яго людзей.

Аляксей Міхайлавіч памёр 15 лістапада 1999 года За актыўную краязнаўчую работу ён узнагароджаны медалём імя Н. К. Крупскай, мноствам грамат, імяннымі падарункамі.

У 1997 годзе А. М. Мартынаў удастоены звання «Ганаровы грамадзянін горада Кобрына». Але лепшая ўзнагарода — добрая памяць пра яго ў сэрцах кабрынчан.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.