Біяграфічны нарыс

КУРАШЫК ВІТАЛІЙ УЛАДЗІМІРАВІЧ

біяграфічны нарыс

Курашык Віталій Уладзіміравіч –Ганаровы грамадзянін горада Еўпаторыі.

Віталій Курашык нарадзіўся 8 мая 1939 года ў в. Дзівін Кобрынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і.

У Дзівінскую сярэднюю школу пайшоў у шэсць гадоў у далёкім пасляваенным 1945 годзе. У школьныя гады захапляўся спортам, меў спартыўныя дасягненні, пісаў вершы. Пасля заканчэння Дзівінскай сярэдняй школы ў 1955 г. паехаў вучыцца і працаваць на Данбас (Украінская ССР). У 1957 г. закончыў тэхнічнае вучылішча ў г. Красны Луч Луганскай вобласці. Пасля заканчэння ў 1960 г. Тарэзскага горнага тэхнікума (Данецкая вобласць) працаваў машыністамлектравоза, горным майстрам самай глыбокай шахты Данбаса «Качагарка» (г. Горлаўка), тэхнолагам, галоўным тэхнолагам завода высакавольтнай апаратуры ў г. Канстанцінаўка. Шэсць гадоў аддаў шахцёрскай працы. Узнагароджаны ордэнамі Шахцёрскай Славы II і III ступеняў.

Закончыў завочна Украінскі політэхнічны інстытут (1967). Пасля знаходзіўся на партыйнай і савецкай рабоце. У 1974-1982 гг. — другі, першы сакратар Канстанцінаўскага гаркама КПУ.

З 1982 г. Віталій Курашык жыве ў Крыму, які стаў другой радзімай. У 1982–1985 гг. быў старшынёй Еўпатарыйскага гарвыканкама. З прыходам

В. У. Курашыка на пасаду старшыні ў Еўпаторыі была створана служба «05» для «сувязі ўлады з народам», з’явіліся мноства жылых дамоў, новая набярэжная, тэлефонная станцыя, новы будынак чыгуначнага вакзала, дарогі, інжынерныя сеткі, рэалізаваны вялікі праект па пасадцы дрэваў (тысячы іх і па гэты час упрыгожваюць горад).

У 1985-1987 гг. В. У. Курашык — загадчык аддзела Крымскага абкама КПУ, у 1987-1991 гг. — намеснік старшыні, першы намеснік старшыні, старшыня выканкама Крымскага абласнога Савета народных дэпутатаў. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) займаўся эвакуацыяй пацярпелага насельніцтва бліжэйшых вёсак у Крымскую вобласць. Народны дэпутат Вярхоўнага Савета УССР і Вярхоўнай Рады Украіны ў 1990–1994 гг. У 1991–1993 гг. – старшыня (прэм’ер-міністр) Савета Міністраў Аўтаномнай Рэспублікі Крым, якая была ўтворана ў 1991 г. Дэпутат Вярхоўнай Рады Рэспублікі Крым I склікання (1991–1994). Актыўна ўдзельнічаў у рабоце Усеўкраінскага саюза беларусаў.

На пасольскую працу сышоў з пасады старшыні Савета Міністраў Крыму. З 20 мая 1993 г. па 14 чэрвеня 2001 г. — Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь на Украіне. Дарэчы, ён першы прадстаўляў нашу суверэнную незалежную Беларусь на Украіне ў рангу Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла. І гэта, як успамінае В. У. Курашык, быў самы важны і цікавы перыяд яго жыцця. Дзякуючы рабоце пасольства пашыраліся эканамічныя сувязі на розных узроўнях, аказвалася падтрымка прадстаўнікам дыяспар, організоўваліся навуковыя форумы і ўрачыстыя мерапрыемствы, што садзейнічала развіццю гуманітарных кантактаў. У 1999–2001 гг. В. У. Курашык быў дуайенам дыпламатычнага корпусу на Украіне.

З 2001 года — першы віцэ-прэзідэнт Міжрэгіянальнай Акадэміі кіравання персаналам. Віталій Уладзіміравіч з’яўляецца Акадэмікам Беларускай інжынернай акадэміі, Ганаровым доктарам Міжнароднай кадравай акадэміі. Узнагароджаны залатым медалём Міжнароднай кадравай акадэміі «За эфектыўнае кіраванне». З 2003 года — саветнік Прадстаўніка Прэзідэнта ААТ «Лукойл» на Украіне.

За сваю палітычную і грамадскую дзейнасць у Беларусі і Украіне В. У. Курашык узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і «За заслугі» III і II ступеняў (Украіна), а таксама Ганаровымі граматамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Кабінета Міністраў Украіны і іншымі ўзнагародамі. Народны дэпутат Украіны ў 1990-1994 гг. Дэпутат Вярхоўнай Рады Крыму I склікання (1991-1994 гг.).

6 мая 1999 г. за вялікі асабісты ўклад у развіццё Еўпаторыі і шматгадовую актыўную дзейнасць на карысць жыхароў горада Віталію Уладзіміравічу Курашыку прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Еўпаторыі».

В. У. Курашык цяпер жыве ў Еўпаторыі, піша кнігі, у якіх дзеліцца ўспамінамі: «Уроки жизни» (2006), «Живи и помни» (2008), «Я люблю тебя, жизнь!» (2014), «Моя жизнь» (2015), «Вспоминая прошлое, думаю о будущем» (2016). Усё жыццё захапляўся фатаграфіяй, таму кнігі добра ілюстраваны. Некаторыя яго кнігі двойчы перавыдаваліся. Шмат экзэмпляраў падарыў бібліятэкам, сябрам, выслаў у розныя краіны, дзе ёсць яго сябры (Беларусь, Расія, Куба, Літва, ЗША, Італія і інш.). У 2002 г. выйшла кніга «Я не хочу судьбу иную…», у якой ён шмат старонак прысвяціў сваёй малой радзіме – вёсцы Дзівін.

У 2015 г. В. У. Курашык перадаў свой асабісты архіў на пастаяннае захоўванне ў Дзяржаўны архіў Рэспублікі Крым.

Сябар Віталія Курашыка паэт Анатоль Мірзаян пра яго напісаў так:

«Ты клинка острие поменял на перо.

Побежали вдогонку строка за строкой.

Ты всегда созидал, создавая добро.

Будет снова тепло

Тем, кто вместе с тобой».

Віталій Курашык, беларускі хлопец з палескай глыбінкі, прайшоў шлях ад шахцёра да старшыні Саўміна Крыма, вядомага дыпламата. У адной з яго кніг знаходзім такое жыццёвае крэда В. У. Курашыка: «Працаваць да сёмага поту… Любіць жыццё. Берагчы блізкіх людзей. Быць карысным для іншых і шчодрым, заўсёды гатовым прыйсці на дапамогу людзям».

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.