Біяграфічны нарыс

Ратайка Пётр Іванавіч

біяграфічны нарыс

Ратайка Пётр Іванавіч  — Ганаровы грамадзянін горада Гродна.

Нарадзіўся 13 студзеня 1898 года ў в. Пескі Кобрынскага павета Гродзенскай губерніі (цяпер Кобрынскі раён Брэсцкай вобласці). З сялянскай сям’і, скончыў мясцовую трохкласная школу (1912), з 14 гадоў пачаў працаваць.

У верасні 1915 года сям’я Ратайкаў з набліжэннем германскіх войск эвакуіравалася ў г. Арэнбург.

 У маі 1916 года Пятра Ратайку забралі на фронт. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года ён з першых дзён са зброяй у руках у Чырвонай Арміі, у складзе 18-га стралковага палка. Служыў спачатку радавым, а потым палітруком. Удзельнічаў у баях супраць войск генерала А. І. Дутава і адмірала А. В. Калчака.

У ліпені 1920 года ўступіў у РКП(б). Пасля дэмабілізацыі — у Беларусі. Працаваў старшынёй Заслаўскага і Самахвалавіцкага валасных выканкамаў.

3 1926 года П. І. Ратайка тры гады вучыўся ў Камуністычным універсітэце Беларусі ў Мінску. Пасля яго заканчэння працаваў старшынёй Чэрыкаўскага, потым Крычаўскага райвыканкамаў, намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама.

У 1939-1941 гг. — старшыня Гродзенскага гарвыканкама.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Ратайка знаходзіўся ў дзеючай арміі. Ваяваў у складзе 3-й арміі на Бранскім фронце. За мужнасць у барацьбе з ворагам ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Восенню 1943 года з пачаткам вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Пётр Іванавіч быў адкліканы з арміі і накіраваны ў распараджэнне Савета Народных Камісараў (СНК) БССР, які часова знаходзіўся ў Гомелі. Ратайка працаваў намеснікам старшыні СНК рэспублікі, а ў 1944 годзе прыехаў у Гродна. Да 1948 года займаў пасаду старшыні Гродзенскага абласнога выканкама. У гэтыя гады шмат увагі і часу аддаваў аднаўленню разбуранай гаспадаркі горада.

У наступныя гады Пётр Іванавіч працаваў у Мінску. У 1958 годзе скончыў Цэнтральны інстытут рыбнай прамысловасці. На працягу некалькіх гадоў узначальваў Галоўнае ўпраўленне рыбнай прамысловасці пры Савеце Міністраў БССР.

Ратайка Пётр Іванавіч — дзяржаўны дзеяч БССР. У 1938-1955 гг. П. І. Ратайка выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Ён узнагароджаны 6 ордэнамі і медалямі.

6 снежня 1967 года Пятру Іванавічу Ратайка прысвоена званне Ганаровы грамадзянін г. Гродна. Памёр П. І. Ратайка ў 1982 годзе.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.