Біяграфічны нарыс

Кірмановіч Уладзімір Мікалаевіч

біяграфічны нарыс

Кірмановіч Уладзімір Мікалаевіч нарадзіўся 5 лістапада 1919 года ў г. Кобрыне Брэсцкай вобласці ў сям’і рабочых.

У 1926 годзе хлопчык паступіў вучыцца ў Кобрынскую павятовую школу (цяпер СШ № 2). Пасля заканчэння сямігодкі Уладзіміра, як дзіця з беднай сям’і, узялі да сябе на навучанне каталіцкія манахі, якія ў адной з хат па вуліцы Першамайскай арганізавалі сталярную майстэрню.

У 1939 годзе пасля прыходу ў Заходнюю Беларусь савецкай улады Уладзіміра Кірмановіча заклікалі ў Чырвоную Армію. Уладзімір восем месяцаў (з кастрычніка 1939 г. па чэрвень 1940 г.) служыў у Ленінградскай вобласці, удзельнічаў у Фінскай вайне.

Скончыў курсы малодшых лейтэнантаў у 1942 годзе. З 1943 года – член КПСС. У гады Вялікай Айчыннай вайны У. М. Кірмановіч камандаваў знішчальнай процітанкавай батарэяй на Бранскім, Цэнтральным, 3-м і 4-м Украінскіх, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх франтах.

22 жніўня 1944 года ў час варожай танкавай атакі батарэя капітана Кірмановіча першая прыняла ўдар, у жорсткім баі падбіла і спаліла 14 варожых танкаў. За гэты подзвіг Кірмановіч быў удастоены ў 1945 годзе звання Героя Савецкага Саюза.

Шматлікія заслугі Кірмановіча ў гады Вялікай Айчыннай вайны адзначаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Аляксандра Неўскага, двума ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, ордэнам Айчыннай вайны II ступені, трыма ордэнамі Чырвонай Зоркі і шматлікімі медалямі.

Пасля вайны У. М. Кірмановіч пражываў у Аўстрыі і Румыніі. Вярнуўшыся з-за мяжы, нядоўга разам з сям’ёй жыў у Кобрыне. У 1950 годзе пераехаў у Ленінград, дзе паступіў на курсы падрыхтоўкі ў лётную акадэмію, а потым у ваенна-авіяцыйную акадэмію імя М. В. Фрунзе ў Маскве. У 1955 годзе Кірмановіч закончыў Ваенную акадэмію імя Фрунзе.

У 1956 годзе, пасля заканчэння вучобы, пераехаў у Харкаў. Жыццё

У. М. Кірмановіча ў Харкаве злучана з Харкаўскім вышэйшым ваенным вучылішчам лётчыкаў імя двойчы Героя Савецкага Саюза С. І. Грыцэўца. У гэтым вучылішчы Уладзімір Мікалаевіч доўгія гады працаваў выкладчыкам на кафедры тактыкі. У 1958 годзе Уладзіміру Мікалаевічу прысвоена званне палкоўніка.

У 1975 годзе ў званні палкоўніка і на пасадзе намесніка начальніка па страявой падрыхтоўцы У. М. Кірмановіча камісавалі. Але сыходзіць на заслужаны адпачынак ён зусім не збіраўся. З 1975 года амаль да смерці палкоўнік у адстаўцы Кірмановіч працаваў у сваім лётным вучылішчы ў лабараторыі тэхнічных сродкаў навучання.

За 45 гадоў, праведзеных у Харкаве, Уладзімір Мікалаевіч не раз наведваў родны Кобрын, дзе жылі яго родныя і сябры.

У 1987 годзе У. М. Кірмановічу было прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна горада Кобрына (рашэнне Кобрынскага гарадскога Савета народных дэпутатаў № 237 ад 15.09.1987 г.).

Герой Савецкага Саюза, першы і адзіны выхадзец Кобрыншчыны, які атрымаў такое высокае званне, палкоўнік У. М. Кірмановіч памёр 5 лютага 2001 года. Заслужаны і адданы вайсковай службе чалавек пахаваны на алеі герояў у Харкаве.

Жыццёвы подзвіг Уладзіміра Мікалаевіча і ў ваенны, і ў мірны час — прыклад беззапаветнага служэння Айчыне, узор для пераймання шматлікім пакаленням кабрынчан.

На малой радзіме Кірмановіча памятаюць, паважаюць яго імя, навечна захаванае ў назвах вуліц, галерэях Славы, музейных экспазіцыях і простай чалавечай памяці тых, хто яго ведаў.

12 кастрычніка 2005 года на сесіі раённага Савета дэпутатаў было прынята рашэнне аб прысваенні вуліцы ў квартале індывідуальнай забудовы на тэрыторыі былога ваеннага гарадка імя земляка-героя У. М. Кірмановіча.

На будынку сярэдняй школы № 2 г. Кобрына, у якой вучыўся У. М. Кірмановіч, устаноўлена мемарыяльная дошка. Для роднага Кобрына Уладзімір Мікалаевіч Кірмановіч назаўжды застанецца Ганаровым грамадзянінам і адзіным мясцовым Героем Савецкага Саюза. З пакалення ў пакаленне на Кобрыншчыне перадаецца памяць пра героя, які прымножыў славу нашай зямлі.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.