Біяграфічны нарыс

Селівонік Васіліса Сямёнаўна

біяграфічны нарыс

Селівонік Васіліса Сямёнаўна (28.10.1907 — 14.12.1990) – дзеяч рэвалюцыйнай і нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў Заходняй Беларусі, удзельніца партызанскай барацьбы ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ганаровы грамадзянін г. Брэста. Васіліса Сямёнаўна Селівонік (у дзявоцтве Козел) нарадзілася 28 кастрычніка 1907 года ў вёсцы Літвінкі Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У 1915 годзе, у сувязі з надыходзячым фронтам Першай сусветнай вайны, сям’я з’ехала ў Калужскую губерню, апынулася ў сяле Калодзезі Казельскага павета. Там у 1919 годзе Васіліса закончыла 4 класы царкоўна-прыходскай школы. Бацька, Сямён Кліменцьевіч Козел, ваяваў на франтах Першай сусветнай, а потым Грамадзянскай войнаў.

У 1921 г. сям’я вярнулася на радзіму. Родная хата згарэла, паступова пачалі падымаць гаспадарку. Чатырнаццацігадовай Васілісе давялося пайсці ў служанкі, дзе яна была тры гады, потым працавала ў сельскай гаспадарцы па найму. У 1928 годзе Васіліса Селівонік уступіла ў падпольную арганізацыю Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ). З 1931 года – член Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ).

Знаходзячыся на партыйнай рабоце, Васіліса Селівонік займае шэраг адказных пасад. У ліпені 1931 г. яна выбрана намеснікам сакратара Кобрынскага падпольнага райкама КПЗБ. У 1933-1934 гг. В. Селівонік вучылася ў Мінскай школе КПЗБ, пасля заканчэння якой працавала сакратаром Гродзенскага, Слонімскага, Пінскага акруговых камітэтаў КПЗБ. У 1935 г. — дэлегат II з’езду КПЗБ.

Васілісу Селівонік вузкі круг ведаў па партыйных псеўданімах «Галя», «Ліза», «Сашка». За рэвалюцыйную дзейнасць 1 красавіка 1936 года яна была арыштавана польскімі ўладамі ў Пінску. У лютым 1937 года прыгаворана да дзесяці гадоў турэмнага зняволення. Была змешчана ў турму г. Седльцэ, затым пераведзена ў жаночую катаржную турму «Фордан», далёка ад роднага краю. Вызвалена Чырвонай арміяй у верасні 1939 года.

В. С. Селівонік была дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі ад Кобрынскага раёна, дзе прагаласавала за ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. У 1940 годзе пераехала на працу ў Жабінку, была загадчыцай аддзелам кадраў Жабінкаўскага райвыканкама. Выйшла замуж за Аляксея Данілавіча Дзмітрука, удзельніка рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, супрацоўніка Жабінкаўскага раённага аддзела міліцыі (загінуў у баю 23 жніўня 1942 г.), нарадзіла дачку.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Васіліса Селівонік з’яўлялася сувязной партызанскага атрада імя М. М. Чэрнака, а затым ваявала ў складзе атрада. З красавіка 1943 года В. Селівонік — сакратар Жабінкаўскага раённага антыфашысцкага камітэта.

Пасля вайны В. С. Селівонік на партыйнай і савецкай рабоце ў г. Брэсце. Працавала інструктарам аблвыканкама, загадчыцай агульным аддзелам гарвыканкама, восем год займалася выхаваннем моладзі ў рамесленым вучылішчы. Выйшла замуж за Івана Фёдаравіча Селівоніка, ураджэнца вёскі Франопаль, удзельніка рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, нарадзіла сына. І. Ф. Селівонік з першых дзён вайны – арганізатар падпольнага і партызанскага руху, ваяваў у атрадзе імя М. М. Чэрнака, у 1944 годзе быў яго камандзірам.

Пасля выхаду на пенсію Васіліса Сямёнаўна актыўна займалася грамадскай працай у складзе ветэранскіх арганізацый. Яна з’яўляецца аўтарам успамінаў, якія змешчаны ў зборніках «У суровыя гады падполля» (1958), «Годы испытаний и мужества» (1973).

Узнагароджана ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені, Чырвонай Зоркі і многімі медалямі.

16 мая 1969 года В. С. Селівонік было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Брэста». Яна была ўшанавана 24 мая на ўрачыстым сходзе грамадскасці, прысвечаным 950-годдзю Брэста.

Васіліса Сямёнаўна Селівонік памерла 14 снежня 1990 года, пахавана на гарадскiх могiлках Брэста. На доме, у якім яна жыла (вул. Інтэрнацыянальная, 7), усталявана мемарыяльная дошка.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.