Крывецкі Мікалай Анатольевіч
біяграфічны нарыс

Крывецкі Мікалай Анатольевіч нарадзіўся 5 красавіка 1949 года ў в. Малінаўка Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці.
Закончыў Магілёўскую партыйную школу, Вышэйшую Партыйную школу пры ЦК КПБ, Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію.
Працоўную дзейнасць пачынаў у сельскай гаспадарцы Драгічынскага раёна. Працаваў паляводам, брыгадзірам у калгасе «Савецкая Беларусь», намеснікам старшыні калгаса імя Кірава.
М. А. Крывецкі доўгі час знаходзіўся на адказных пасадах у органах дзяржаўнага кіравання, на партыйнай і савецкай рабоце.
У 1975-1985 гг. — інструктар Драгічынскага райкама КПБ, намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі Драгічынскага райвыканкама, інструктар, намеснік загадчыка сельскагаспадарчага аддзела Брэсцкага абкама, другі сакратар Маларыцкага райкама КПБ, старшыня Іванаўскага райвыканкама.
У 1985-1991 гг. — першы сакратар Кобрынскага гаркама КПБ.
З сакавіка да снежня 1991 года ён намеснік старшыні Савета калгасаў Брэсцкай вобласці.
У 1992-1996 гг. кіраваў Камітэтам па стварэнні СЭЗ «Брэст», у лістападзе 1996 года прызначаны Кіраўніком Адміністрацыі СЭЗ «Брэст». Мікалая Анатольевіча Крывецкага можна без перабольшання назваць «бацькам» СЭЗ «Брэст». Шмат у чым менавіта дзякуючы яго намаганням, вялікаму арганізатарскаму таленту, энэргіі і дзяржаўнай мудрасці і стала магчымым з’яўленне першай у рэспубліцы свабоднай эканамічнай зоны.
У 2008-2013 гг. Мікалай Анатольевіч — намеснік старшыні Брэсцкага райвыканкама. Акадэмік Беларускай інжынернай акадэміі.
Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншымі ўзнагародамі. У кастрычніку 2014 года за асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё аграгарадка Павіцце Мікалай Анатольевіч Крывецкі атрымаў званне «Ганаровы грамадзянін аграгарадка Павіцце Кобрынскага раёна».