Біяграфічны нарыс

Сухараў Уладзімір Іванавіч

біяграфічны нарыс

Сухараў Уладзімір Іванавіч нарадзіўся 14 жніўня 1947 года ў Маскве.

Закончыў Маскоўскі юрыдычны інстытут. Прайшоў тэрміновую службу ў Савецкай арміі.

З 1971 па 1975 год працаваў у Чаромушкінскім райкаме камсамола г. Масквы. З 1975 па 1979 год — старшыня Чаромушкінскага раённага камітэта ДТСААФ г. Масквы.

Доўгі час Уладзімір Іванавіч узначальваў дырэкцыю Чаромушкінскага вытворча-жыллёвага рамонтнага аб’яднання г. Масквы. Шмат увагі надаваў пытанням працаўладкавання насельніцтва, кіраваў службай занятасці г. Масквы.

Уладзімір Сухараў — кіраўнік трох кампаній, заснавальнік шасці арганізацый, заснавальнік аўтаномнай некамерцыйнай арганізацыі па садзейнічанні ў развіцці супрацоўніцтва з краінамі АНА «Усходняе вымярэнне».

У 1989 годзе заснаваў асацыяцыю дзелавога супрацоўніцтва з замежнымі краінамі «Інтэртрэйнінг».

З 1991 года У. І. Сухараў з’яўляецца сустаршынёй – выканаўчым дырэктарам Міжнароднага форуму «Сусветны вопыт і эканоміка Расіі», у рамках якога правёў больш за 100 буйнамаштабных усерасійскіх і міжнародных кангрэсаў, сімпозіумаў, канферэнцый у Маскве.

Праводзіў вялікую міжнародную дзейнасць, займаючыся пытаннямі пашырэння супрацоўніцтва ў эканамічнай сферы з краінамі Блізкага Усходу і Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну. З’яўляўся віцэ-прэзідэнтам міжнароднага грамадскага руху «Восточное измерение», стварэнне якога асабіста падтрымаў прэзідэнт Расійскай Федэрацыі У. У. Пуцін. Надаў шмат увагі пытанням дзейнасці Асамблеі дзелавых колаў «Расія-Ліван» на пасадзе генеральнага сакратара. З’яўляўся віцэ-прэзідэнтам англійскага Інстытута фінансавых аналітыкаў.

Уладзімір Іванавіч прымае актыўны ўдзел у навуковых пошуках, з’яўляючыся членам Міжнароднай Акадэміі менеджменту, прафесарам Акадэміі інфармацыйных працэсаў і тэхналогій, членам Міжнароднай Акадэміі навук «Праблемы інтэлектуальнага развіцця», членам міжнароднай Акадэміі эканомікі і фінансаў.

Мае ганаровыя ўзнагароды Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі, Дзяржаўнай Думы і Савета Федэрацыі ФС РФ, урада Расійскай Федэрацыі.

Масквіча Уладзіміра Сухарава ў Кобрыне ведаюць многія, таму што ў нашым горадзе ён бываў не раз — і з дзелавымі візітамі, і на святах. З 1991 года ён актыўна ўдзельнічаў у жыцці Кобрына. Арганізоўваў і праводзіў сустрэчы па абмене вопытам і пашырэнні супрацоўніцтва для прадстаўнікоў бізнесу, прамысловасці, навукі і культуры Расіі і Беларусі. Аказваў дапамогу жыхарам і прадпрымальнікам Кобрыншчыны. Праводзіў вялікую работу па прыцягненні інвестыцый для эканамічнага развіцця рэгіёна, яго прадпрыемстваў і арганізацый. У 2005 годзе прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні Міжнароднага Інвестыцыйнага Форума «Кобрын-Інвест».

За вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Кобрыншчыны, умацаванне дзелавых і сяброўскіх сувязяў двух братэрскіх народаў Беларусі і Расіі Уладзіміру Іванавічу Сухараву прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна» (рашэнне Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта № 786 ад 18 жніўня 2005 г., рашэнне Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў № 99 ад 18 жніўня 2005 г.).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.