Біяграфічны нарыс

Папроцкі Пётр Сяргеевіч

біяграфічны нарыс

Пётр Сяргеевіч Папроцкі нарадзіўся 10 чэрвеня 1957 года ў вёсцы Мазуры Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў мясцовай пачатковай, у Дзямідаўшчынскай васьмігадовай, Шамятоўскай сярэдняй школах.

У 1974 годзе Пётр Папроцкі паступіў ў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут. Пасля заканчэння інстытута ў 1979 годзе пачаў сваю працоўную дзейнасць майстрам Ляхавіцкай перасоўнай механизаванай калоны № 12 Брэсцкага аблмежкалгасбуду. Служыў у Савецкай арміі (1979–1981), дзе закончыў афіцэрскія курсы і атрымаў званне «лейтэнант».

З 1981 года Пётр Папроцкі працуе на Грушаўскім рамонтна-механічным заводзе Кобрынскага раёна (цяпер ААТ «Грушаўскі рамонтна-механічны завод»). З 12 лютага 1999 года і па цяперашні час з’яўляецца дырэктарам прадпрыемства. Завод займаецца вытворчасцю абсталявання для меліярацыйнай галіны, у тым ліку ўтрымліваючых ваду засавак і пад’ёмнікаў для гідрамеліярацыйных збудаванняў. Засаўкі і пад’ёмнікі стаяць на большасці вадасховішчаў краіны, у тым ліку на Салігорскім вадасховішчы і Мінскім моры, забяспечваюць работу вяслярнага канала ў Заслаўі.

Цяпер ААТ «Грушаўскі рамонтна-механічны завод» ДА «Брэстмеліявадгас» – гэта магутнае прамысловае прадпрыемства з сучасным абсталяваннем, адно з нешматлікіх прадпрыемстваў CНД, якое вырабляе меліярацыйнае і іншае нестандартнае абсталяванне. Пастаўляе прадукцыю амаль усім прадпрыемствам ДА «Белвадгас», арганізацыям Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, будаўнічым прадпрыемствам.

Пад кіраўніцтвам дырэктара П. С. Папроцкага на прадпрыемстве вядзецца мэтанакіраваная праца па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацыі, дасягненні прагнозных паказчыкаў, пашырэнні і ўдасканаленні асартыменту выпускаемай прадукцыі, рацыянальным выкарыстанні працоўнага часу. Надаецца ўвага эканомнаму выкарыстанню матэрыяльна-тэхнічных і паліўна-энергетычных рэсурсаў, энергазберажэнню, атрыманню запланаванага аб’ёму прыбытку, рэнтабельнасці вытворчасці, што спрыяе вырашэнню сацыяльных пытанняў у інтарэсах калектыву.

Прадпрыемства працуе стабільна, з добрымі вытворчымі паказчыкамі. Адзначаецца высокі ўзровень працоўнай дысцыпліны і адказнасці работнікаў. Сістэмна праводзіцца работа па павышэнні якасці выпускаемай прадукцыі — укаранёна сістэма менеджменту якасці СТБ ISO 9001-2015.

Вось ужо 24 гады Пётр Сяргеевич нязменны дырэктар Грушаўскага РМЗ, поўны ж стаж работы на родным прадпрыемстве ў дырэктара — большы за 40 гадоў. За гэты час Пётр Сяргеевіч зрабіў для сябе выснову: поспех любога прадпрыемства — людзі, якія ўмеюць і жадаюць працаваць. У вытворчы калектыў бяруць толькі тых, хто дакажа свой прафесіяналізм. Грушаўскі РМЗ — адно з нешматлікіх прамысловых прадпрыемстваў, якія працуюць у сельскай мясцовасці, пры гэтым сярэдняя зарплата тут дастойная нават па мерках сталіцы. У калектыве прадпрыемства шмат моладзі, але шмат і ветэранаў, якія аддалі заводу не адзін дзясятак гадоў і гатовыя дзяліцца вопытам. Актыўна працуе прафсаюзная арганізацыя, падтрымліваюцца шматдзетныя сем’і, работнікам аказваецца матэрыяльная дапамога. Арганізвавана дастаўка працаўнікоў на работу заводскім транспартам.

Вытворчыя клопаты далёка не поўны спектр праблем, якія вырашае Пётр Папроцки. Ён прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Кобрынскага раёна. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам раённага і сельскага Савета дэпутатаў. У цяперашні час выбраны дэпутатам Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў XXVIII склікання.  Пётр Сяргеевич пастаянна падтрымлівае кантакт са сваімі выбаршчыкамі, а Грушаўскі РМЗ прымае актыўны ўдзел у жыцці свайго рэгіёна.

П. С. Папроцкі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі Дэпартамента па меліярацыі і воднай гаспадарцы, ГА «Брэстмеліявадгас», Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта, Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта. У 2019 годзе за высокія дасягненні дырэктар Грушаўскага РМЗ П. С. Папроцкі занесены на раённую Дошку пашаны. Рашэннем Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў ад 10 студзеня 2020 года № 86 «Аб прысваенні звання«Ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна» за выдатны асабісты ўклад у развіццё эканомікі раёна Папроцкаму Пятру Сяргеевічу прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна».

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.