Біяграфічны нарыс

Каранчук Павел Рыгоравіч

біяграфічны нарыс

Каранчук Павел Рыгоравіч нарадзіўся 11 кастрычніка 1924 года ў вёсцы Магдалін Кобрынскага павета Гродзенскай губерніі (цяпер Кобрынскі раён Брэсцкай вобласці) у сям’і сялян.

Да вайны атрымаў сямігадовую адукацыю. У 1936 годзе Павел скончыў чатыры класа Барысаўскай пачатковай школы, далей паступіў у пяты клас Кобрынскай польскай школы, дзе і закончыў 7 класаў. Па заканчэнні рускамоўнай школы ў горадзе Кобрыне атрымаў у сельскім Савеце накіраванне на вучобу ў ФЗА г. Магілёва. Аднак вучыцца не прыйшлося: у самым пачатку лета памёр бацька, а праз два тыдні пачалася Вялікая Айчынная вайна.

Пасля вызвалення родных мясцін ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Павел Каранчук быў адпраўлены на аднаўленне Дняпроўска-Бугскага канала. З 1947 па 1948 год ён сакратар камсамольскай арганізацыі Кіселявецкага сельскага Савета. У 1949 годзе П. Каранчук уступіў у рады камуністычнай партыі.

З 1948 года (у 23 гады) Павел Каранчук быў выбраны першым старшынёй калгаса «Новы шлях» Кобрынскага раёна, які нязменна ўзначальваў на працягу 36 гадоў. Калгас «Новы шлях» быў у ліку тых гаспадарак, на базе якіх праводзіліся рэспубліканскія семінары па сельскай гаспадарцы. Першы сакратар ЦК КПБ Пётр Міронавіч Машэраў бываў у гэтай гаспадарцы неаднаразова. Дарэчы, з лёгкай рукі П. М. Машэрава ў гаспадарцы быў пабудаваны кормазавод.

Павел Рыгоравіч неаднаразова выбіраўся дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, чатыры скліканні выбіраўся дэпутатам Кобрынскага раённага Савета народных дэпутатаў, шмат разоў — дэпутатам Кіселявецкага сельскага Савета народных дэпутатаў. Яркі і плённы працоўны шлях П. Р. Каранчука адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі — ордэнамі Леніна, «Знак Пашаны», медалём «За доблесную працу. У адзначэнне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна».

П. Р. Каранчук выйшаў на пенсію ў 1984 годзе, аднак шмат добрых спраў за сваю кіраўніцкую дзейнасць паспеў зрабіць. Была пабудавана пачатковая школа ў в. Магдалін і сярэдняя школа ў в. Кісялёўцы.

На пенсіі Павел Рыгоравіч таксама не сядзеў без справы, займаўся краязнаўчай працай. Невычэрпная працавітасць і аўтарытэт набылі яму павагу сярод людзей. З 1987 па 1988 год ён працаваў старшынёй раённага савета ветэранаў, з 1997 па 2001 год — старастам в. Магдалін.

У 1985 годзе Павел Рыгоравіч захапіўся тапанімікай – навукай пра паходжанне геаграфічных назваў. У мясцовай газеце «Кобрынскі веснік» апублікаваны шэраг артыкулаў пад рубрыкай «Деревенька моя»; пісаў ўспаміны пра сябе, якія цесна пераплятаюцца з гісторыяй яго роду, вёскі, утварэння і станаўлення роднага калгаса.

У час падрыхтоўкі, збору матэрыялаў і выдання кнігі «Памяць. Кобрынскі раён» П. Р. Каранчук прымаў актыўны ўдзел у яе выданні.

Рашэннем Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта ад 18.08.2005 г. № 786 Каранчуку Паўлу Рыгоравічу было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна».

9 красавіка 2012 года П. Р. Каранчук памёр. Жыццё і дзейнасць Паўла Рыгоравіча ўвайшлі ў гісторыю Кобрыншчыны як яркі прыклад самаадданай працы, адданага служэння людзям, вернасці грамадзянскаму абавязку і сваёй Радзіме.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.