Біябібліяграфічны даведнік Імі ганарыцца Кобрыншчына

Складальнік:

С. Д. Курачук — галоўны бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма»

Імі ганарыцца Кобрыншчына. Ганаровыя грамадзяне кобрынскага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі; склад. гал. бібліёграф С. Д. Курачук ; камп’ютарны дызайн вокладкі: інжынер-праграміст П. С. Грыневіч. – Кобрын, 2018. – 86 с. : каляр. іл.

ББК 91.9:63.3(4Беі)я2

© Афармленне. Кобрынская

цэнтральная раённая

бібліятэка, 2018

ПРАДМОВА

Званне «Ганаровы грамадзянін» — найвышэйшая ўзнагарода сваёй малой радзімы. «Ганаровы грамадзянін – званне, якое ў Рэспубліцы Беларусь і некаторых іншых краінах надаецца мясцовымі органамі дзяржаўнай улады асобам за іх асабістыя заслугі перад пэўным горадам» (Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. – Мінск, 1997. — Т. 5. — С. 20).

Біябібліяграфічны даведнік «Імі ганарыцца Кобрыншчына. Ганаровыя грамадзяне кобрынскага краю» прысвечаны людзям, якія ўпісалі яркую старонку ў гісторыю нашага горада, раёна і якія былі ўзнагароджаны званнем «Ганаровы грамадзянін».

Выданне знаёміць з біяграфіямі ганаровых грамадзян, распавядае пра іх уклад у эканамічнае, сацыяльнае, культурнае развіццё горада і раёна, паказвае моладзі прыклад самаахвярнага служэння роднаму краю.

Даведнік уключае інфармацыю не толькі пра ганаровых грамадзян горада Кобрына, Кобрынскага раёна, але і пра землякоў, якія сталі ганаровымі грамадзянамі іншых гарадоў, і, дарэчы, не толькі беларускіх. Таксама ў Кобрынскім раёне ёсць населены пункт, які мае ганаровых грамадзян сваёй мясцовасці — аграгарадок Павіцце.

Матэрыял выдання згрупаваны ў наступныя раздзелы:

Прадмова;

Ганаровыя грамадзяне горада Кобрына;

Ганаровыя грамадзяне Кобрынскага раёна;

Ганаровыя грамадзяне аграгарадка Павіцце;

Ганаровыя грамадзяне-землякі іншых гарадоў;

Даведачны апарат.

Артыкулы ў кожным раздзеле размешчаны ў алфавіце прозвішчаў асоб. Біяграфічныя даведкі напісаны на аснове фонду Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, архіўных дакументаў, аўтабіяграфій, успамінаў і іншых крыніц. Тэкст паказальніка дапоўнены фотапартрэтамі.

Спісы літаратуры, змешчаныя пасля біяграфічных даведак, уключаюць кнігі ў алфавітным парадку; артыкулы, размешчаныя ў зваротнай храналогіі іх публікацый; бібліяграфічныя выданні цэнтральнай раённай бібліятэкі; найбольш значныя электронныя рэсурсы. Адбор крыніц завершаны ў кастрычніку 2018 года.

Бібліяграфічныя запісы зроблены ў адпаведнасці з міждзяржаўнымі стандартамі «ГОСТ 7.1-2003 Библиографическая запись. Библиографическое описание. Общие требования и правила составления», «ГОСТ 7.80-2000 Библиографическая запись. Заголовок. Общие требования и правила составления», метадычнымі рэкамендацыямі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі «Оформление библиографического списка к научной работе».

Выданне мае даведачны апарат:

імянны паказальнік;

геаграфічны паказальнік;

храналагічны паказальнік дат прысваення звання;

алфавітны спіс перыядычных выданняў, матэрыялы з якіх уключаны ў выданне.

Біябібліяграфічны даведнік прызначаны шырокаму колу карыстальнікаў: настаўнікам, студэнтам, бібліятэкарам, навучэнцам, экскурсаводам, наогул усім, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю, дасягненнямі людзей, якія ўнеслі значны асабісты ўклад у развіццё нашага горада, раёна, чый жыццёвы і працоўны шлях — яркі прыклад працавітасці, адказнасці, сумленнасці і прынцыповасці. Выданне заклікана абудзіць пачуццё дачынення да гісторыі і сённяшняга дня сваёй малой радзімы і краіны ў цэлым.

Біябібліяграфічны даведнік «Імі ганарыцца Кобрыншчына. Ганаровыя грамадзяне кобрынскага краю» выдадзены ў Год малой радзімы ў Беларусі, што, безумоўна, надае яму асаблівую актуальнасць.

Выказваем падзяку Дзяржаўнаму занальнаму архіву Кобрынскага раёна, кадравым службам прадпрыемстваў і арганізацый, ганаровым грамадзянам і іх родным за дапамогу, аказаную пры падрыхтоўцы выдання.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.